Беларуская Служба

Французскі еўрадэпутат: Беларусам трэба знайсці свайго Гамулку

02.09.2020 12:03
Кампраміс быў бы велізарным поспехам таксама праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі.
  .
Пратэсты ў Беларусі.PAP/EPA/STRINGER

Рэвалюцыя ў Беларусі характарызуецца тым самым палітычным сэнсам, які мы бачылі 40 гадоў таму ў Польшчы, канстатуе ў размове з выданнем Dziennik Gazeta Prawna французскі дэпутат Еўрапарламента Бернар Гета, які ў 1980-х гадах быў карэспандэнтам выдання „Le Monde” ў Польшчы.

„Ёсць два асноўныя падабенствы. Па-першае, у Польшчы сітуацыя рашуча памянялася цягам 10 дзён, а нават 8 дзён. Гэта ж мы бачым цяпер у Беларусі, якая памянялася цягам менш, чым тыдня. Па-другое, зараз у Беларусі ніхто не выступае супраць Расіі і за далучэнне да Еўрасаюза і заходняй дэмакратыі. Гэта падобны палітычны сэнс, які мы бачылі 40 гадоў таму ў Польшчы”, - лічыць французскі палітык.

Паводле яго, астатнія справы выглядаюць зусім інакш, перш за ўсё таму, што няма ўжо „халоднай вайны” і савецкага блоку. Паводле Бернара Гета, цяжка зараз прадугледжваць, што далей будзе адбывацца ў Беларусі.

„Гэтага ніхто не ведае, я таксама. Я б хацеў, каб удалося дасягнуць нейкі кампраміс, але не паміж Аляксандрам Лукашэнкам і рэвалюцыяй, але паміж рэвалюцыяй і Уладзімірам Пуцінам і Расіяй. Я нагадваю, што адбывалася два гады таму ў Арменіі, дзе пасля некалькіх тыдняў удалося такі кампраміс дасягнуць. Адбыўся выбар новага прэм’ера, на якога пагаджаліся абодва бакі – Расія і рэвалюцыя. Я хацеў бы, каб у Беларусі такі кампраміс удалося дасягнуць. Што яшчэ можа адбыцца? Падзенне рэвалюцыі? Расійская інтэрвенцыя? Мы рашуча супраць гэтага. Кампраміс быў бы велізарным поспехам таксама праціўнікаў рэжыму. Прапаную прыклад, які зразумее кожны паляк. Пасля 1956 году вынікам кампрамісу паміж рэвалюцыяй у Польшчы і Расіяй быў Уладзіслаў Гамулка. Гэта быў невялікі поспех, але карысны, як для свабоды, так і для папулізму ў краіне. Яны (беларусы – рэд.) павінны знайсці свайго Гамулку”, - пераконвае ў размове з выданнем Dziennik Gazeta Prawna французскі еўрадэпутат Бернар Гета.

Нагадваем, Уладзіслаў Гамулка (Władysław Gomułka) быў польскім палітыкам, камуністычным дзеячам, між іншым, першым сакратаром ЦК Польскай аб'яднанай рабочай партыі ў 1956-1970 гадах.
 
аз