Беларуская Служба

Раскол у Каардынацыйным савеце Ціханоўскай

02.09.2020 13:02
Паводле каментатараў, прапанова Бабарыкі і Калеснікавай - гэта ўдар па адзінстве праціўнікаў беларускага рэжыму.
  .
Пратэсты ў Беларусі.PAP/EPA/STRINGER

У беларускім Каардынацыйным савеце, які пераследуюць улады ў Мінску, адбываецца раскол. Пасля трох тыдняў пратэстаў кіраўнік штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава, якая да гэтай пары актыўна падтрымлівала Святлану Ціханоўскую, вырашыла цалкам змяніць правілы гульні, паведамляе Руслан Шошын на старонках выдання Rzeczpospolita.

На пачатку сёлетняй выбарчай кампаніі галоўным канкурэнтам Аляксандра Лукашэнкі лічыўся былы старшыня расійскага „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка. Калі яго арыштавалі 18 жніўня, супрацоўнікі ягонага штаба не спынілі дзейнасці. Наадварот, кіраўнік штаба Марыя Калеснікава разам з Веранікай Цапкалай (жонкай іншага суперніка Лукашэнкі - Валерыя Цапкалы) пачала актыўна падтрымліваць Святлану Ціханоўскую. Такім чынам узнікла трыа жанчын, якія выступалі супраць беларускага рэжыму.

Спачатку, пасля мужа, з краіны эмігравала Вераніка Цапкала, а неўзабаве пасля выбараў - Ціханоўская, якая зараз знаходзіцца ў Літве. Калеснікава стала тварам апазіцыйнага Каардынацыйнага савета, да якога далучыліся сотні актывістаў апазіцыі, грамадскіх рухаў і прадстаўнікоў страйкуючых заводаў, у тым ліку, шматгадовы дыпламат і былы дырэктар тэатра імя Янкі Купалы Павел Латушка, таксама беларуская лаўрэатка Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч.

Пасля трох тыдняў пратэстаў, галоўным патрабаваннем якіх з’яўляецца адстаўка Лукашэнкі, Калеснікава, якую многія  лічылі „кіраўніком” штаба Ціханоўскай, нечакана паведаміла аб стварэнні разам з Віктарам Бабарыкам палітычнай арганізацыі „Вместе”. Пры гэтым у найноўшым відэазапісе ні яна, ні Віктар Бабарыка не згадалі пра патрабаванні вулічных пратэстаў: адстаўку дыктатара і вызваленне палітвязняў.

„Я не згодная з тым, што мы не перамаглі на выбарах. Мы перамаглі, але яны спрабуюць скрасці нашу перамогу. Вось чаму ў краіне праходзяць масавыя акцыі пратэсту і чаму бастуюць рабочыя”, - пракаментавала зварот Бабарыкі і Калеснікавай Ціханоўская, паводле якой зараз канстытуцыйная рэформа – не асноўная задача.

„Гэта выглядае неадназначна, таму што сёння Лукашэнка спрабуе адкласці свой сыход, таксама кажучы пра незразумелую канстытуцыйную рэформу”, - нагадала экс-кандыдатка на пасаду прэзідэнта Беларусі і адзначыла, што асноўнай мэтай пратэстаў з’яўляецца адстаўка Лукашэнкі і правядзенне свабодных выбараў.

У размове з выданнем Rzeczpospolita ейны прэс-сакратар Ганна Красуліна паведаміла, што Ціханоўская нічога не ведае пра планы сваіх калег у Беларусі стварыць партыю.

Вядомы беларускі палітолаг Аляксандр Класкоўскі лічыць, што гэта ўдар па адзінстве апанентаў Лукашэнкі, якія аб'ядналіся падчас сёлетняй выбарчай кампаніі ў рамках Каардынацыйнага савета.

„Ініцыятыва стварэння партыі - гэта спроба змяніць парадак дня, не кажучы ўжо пра тое, што ў Беларусі і так ніхто не зарэгіструе такую партыю”, - кажа Класкоўскі. - З аднаго боку, Каардынацыйны савет з'яўляецца аб'ектам пастаянных нападаў з боку ўладаў (яго членаў абвінавачваюць у спробе дзяржаўнага перавароту - рэд.), а з іншага боку, цяпер гэтая ініцыятыва не павінна адбыцца, асабліва ў цяперашняй сітуацыі”, - дадае палітолаг.

„Сёння надзвычай важна аб'яднаць усе грамадскія і палітычныя сілы вакол адной мэты - сыходу Лукашэнкі і правядзення новых свабодных прэзідэнцкіх выбараў”, - пераконвае лідар апазіцыйнага Руху "За Свабоду", член Каардынацыйнага савета Юрась Губарэвіч. Паводле яго, сёння ўсе павінны схаваць свае партыйныя сцягі і аб'яднацца вакол адной мэты.

аз