Беларуская Служба

Маскоўскія алігархі змагаюцца за „сямейнае срэбра” Лукашэнкі

02.09.2020 14:02
Не толькі Крэмль, але таксама расійскія алігархі прагна глядзяць на прывабныя актывы суседа.
Уладзімір ПуцінPAP/EPA/MIKHAIL KLIMENTYEV / RIA NOVOSTI / KREMLIN POOL / POOL

Не толькі Крэмль успрымае беларускі крызіс, як магчымасць цалкам падпарадкаваць сабе суседнюю краіну. Таксама расійскія алігархі хціва пазіраюць на прывабныя актывы беларускага дыктарара, канстатуе на старонках выдання Gazeta Wyborcza расійскі эканаміст, журналіст і палітык Уладзіслаў Іназемцаў.  

Паводле яго, у кулуарах вялікай палітыкі праводзіцца іншая гульня за вялікія інтарэсы і вялікія грошы, то бок за тое, што маскоўскія мільярдэры ўжо ўклалі ў Беларусь.

Расія з'яўляецца найбуйнейшым крэдыторам Беларусі. Запазычанасць Мінска перад Масквой складае 7,92 млрд. долараў (48% усяго знешняга доўгу краіны). Расійскія кампаніі купляюць ад 45 да 80 адсоткаў вытворчасці гігантаў беларускай прамысловасці, такіх як Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі трактарны завод або БелаАЗ.

Але нават маштабная запазычанасць альбо залежнасць рынку ад магутнага суседа не адлюстроўваюць рэальнага ўплыву Расіі на беларускую эканоміку, паколькі гэта не толькі расійская дзяржава і бізнес, які яна кантралюе, але і прыватныя кампаніі падтрымліваюць цяперашняе кіраўніцтва Беларусі і вельмі актыўна працуюць у крамлёўскіх кулуарах.

Перш за ўсё, трэба згадаць пра Нафтавую кампанію „Сафмар” Міхаіла Гуцерыева, якая да 2020 года была адным з асноўных пастаўшчыком сыравіны для беларускай НПЗ. Таксама гаворыцца, што Гуцерыеў з'яўляецца партнёрам старэйшага сына Лукашэнкі Віктара ў гандлі крыптавалютамі ў Мінску і адмыванні грошай.

Яшчэ адзін партнёр Лукашэнкі – старшыня найбуйнейшага банка Расіі „Ашчадбанка” Герман Грэф, які ўклаў сотні мільёнаў долараў у нерухомасці ў Беларусі. Яго банк з'яўляецца ўладальнікам беларускага „БПС-Ашчадбанка”. Падчас шматразовых візітаў у Мінск Грэф выказваў поўную падтрымку Лукашэнку. У ліпені ён абвясціў пра новыя інвестыцыі ў Беларусь і прыняў удзел у адкрыцці фантана, які ахвяраваў Мінску.

Актыўна на „беларускім фронце” працуе таксама Дзмітрый Мазепін. Калі ў краіне пачаліся акцыі пратэсту, то ён выступіў з ініцыятывай стварэння камітэта для аб'яднання расійскіх і беларускіх прадпрымальнікаў вакол беларускай улады. Мазепін валодае кампаніяй „Уралхім”, якая кантралюе значную частку расійскай вытворчасці ўгнаенняў. Яго бізнес таксама з'яўляецца буйным даўжніком згаданага „Ашчадбанка”.

Нагадваем, асноўным канкурэнтам Мазепіна з’яўляецца беларускі гігант „Беларуськалій”, які расійскі магнат хацеў пераняць узамен за падтрымку, аказаную Лукашэнку.

У Беларусі не было прыватызацыі ў расійскім стылі, і большасць прадпрыемстваў па-ранейшаму з’яўляецца дзяржаўнай уласнасцю. Таму расійскі бізнес прагна глядзіць на беларускую эканоміку, якая можа быць здабычай, калі Лукашэнка пачне купляць сабе час за кошт часткі дзяржаўных актываў.

Такім чынам, расійскія алігархі, якія самі з'яўляюцца фінансавымі банкрутамі, дамаўляюцца з палітычным банкрутам Аляксандрам Люкашэнкам аб кантракце „ўлада за актывы”.

Уладзіслаў Іназемцаў пераконвае на старонках выдання Gazeta Wyborcza, што банкір Грэф – гэта найважнейшы лабіст Лукашэнкі ў Крамлі. Гэта ён перадае сігналы непасрэдна Уладзіміру Пуціну і адначасова шукае гарантыі для інтарэсаў свайго банка і яго даўжнікоў у Беларусі.

Таму паводле расійскага эканаміста, адносіны Расіі і Беларусі не павінны разглядацца выключна з геапалітычнага пункту гледжання. Іх важны аспект - вялікая гульня з мільярднымі стаўкамі. Расія праводзіць жорсткую барацьбу за беларускае „сямейнае срэбра”, адначасова абвінавачваючы Захад ва ўмяшанні ў справы суверэннай краіны.

аз