У сераду польскія еўрадэпутаты ад кіруючай кааліцыі і апазіцыі сустрэліся ў Бруселі, каб абмеркаваць магчымую рэакцыю Еўрасаюза на сітуацыю ў Беларусі. У сустрэчы пры дапамозе відэасувязі прыняў удзел таксама прэм'ер Матэвуш Маравецкі.
Згода, паразуменне і воля супрацоўніцтва па справе Беларусі, такім чынам можна падсумаваць сустрэчу еўрадэпутатаў з Польскага клуба, якая доўжылася ў Бруселі амаль паўтары гадзіны.
На яе польскіх еўрадэпутатаў запрасілі прадстаўнікі кіроўнай партыі „Права й справядлівасць” у Еўрапарламенце - Анна Фатыга(Anna Fotyga) і Рышард Легутка(Ryszard Legutko).
Паводле апошняга, сустрэча была нагодай абмяняцца думкамі пра тое, як павінна выглядаць пазіцыя Еўрапарламента па сітуацыі ў Беларусі. На пачатку сустрэчы да прысутных пры дапамозе відэасувязі звярнуўся прэм'ер Матэвуш Маравецкі, які распавёў пра дзеянні ўрада. Затым адбыліся дэбаты, якія тычыліся, таксама справы магчымых санкцый. Сустрэчу польскіх еўрадэпутатаў выдатна ацаніла Анна Фатыга:
- Будзем сустракацца часцей. Наш падыход рашучы. Будзем прасоўваюць афіцыйную пазіцыю Польшчы па гэтай справе. Гэта вельмі важнае.
Падчас сустрэчы абмяркоўвалася рэзалюцыя па Беларусі, якая павінна быць прынятая на пленарным пасяджэнні Еўрапарламента, папраўкі ў справаздачу Еўрапарламента па Беларусі, а таксама справа кандыдата на ўзнагароду імя Андрэя Сахарава „За свабоду думкі”, якую Еўрапейскі парламент прысуджае кожнай восенні.
Чарговай справай было пытанне гуманітарнай дапамогі для Беларусі, нагадала еўрадэпутат Бэата Мазурэк(Beata Mazurek):
- На гэтым тыдні мінае тэрмін, калі ў справаздачу можна ўносіць папраўкі. Гаворка ідзе пра такую іх падрыхтоўку, каб на іх пагадзілася большасць. Наступная справа, гэта фінансавая і гуманітарная дапамога. Трэба задумацца, як яе арганізаваць і як правяраць ейнае выкарыстанне.
Дэпутат Еўрапарламента Роберт Бедрань(Robert Biedroń) з партыі „Вясна”, які з’яўляецца кіраўніком дэлегацыі па адносінах ЕС з Беларуссю ў Еўрапарламенце, падкрэсліў значэнне ўдзелу прадстаўнікоў усіх палітычных сілаў у ЕП. Паводле яго, гэта добры знак, таму што ў знешняй палітыцы, асабліва палітыцы суседства, было б добра, гаварыць у адзін голас.
Паводле польскіх еўрадэпутатаў, санкцыі павінны быць шырокімі і ахопліваць чыноўнікаў, палітыкаў высокага і сярэдняга ўзроўню, у тым ліку прадстаўнікоў Цэнтральнай выбарчай камісіі ў Беларусі, а таксама самога Аляксандра Лукашэнку. Трэба таксама дабіцца новых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, паколькі апошнія былі фальсіфікаваныя.
Падчас сустрэчы абмяркоўвалася таксама прапанова прысуджэння ўзнагароды імя Андрэя Сахарава тром актывісткам апазіцыі ў Беларусі - Святлане Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Вераніцы Чапкале, то бок тром жанчынам, якія сталі сімвалам пратэстаў у Беларусі.
Анджэй Галіцкі (Andrzej Halicki) еўрадэпутат ад апазіцыйнай „Грамадзянскай платформы” падкрэсліў, што сустрэча, перш за ўсё, была накіраваная на каардынацыю дзейнасці, звязанай з сітуацыяй у Беларусі, на еўрапейскім узроўні:
- Вельмі патрэбная не толькі каардынацыя афіцыйнай польскай пазіцыі па справе Беларусі. Не менш важнае, выкарыстанне сілы, якая з гэтага вынікае ў нашых паасобных фракцыях.
Анджэй Галіцкі лічыць, што па справе персанальных санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, таксама не павінна быць рознагалоссяў.
- Тут няма месца на ідэалогію. Тут гаворка ідзе пра эфектыўнасць, якой лягчэй дасягнуць, падчас супольных дзеянняў, якія не бяруць пад увагу партыйных падзелаў.
З гэтым згаджаецца таксама еўрадэпутат ад „Права і справядлівасці” Дамінік Тарчыньскі (Dominik Tarczyński). Паводле яго, гэта перш за ўсё ў інтарэсах Польшчы.
- У інтарэсе Польшчы пазбягаць унутраных спрэчак, паколькі расейцы толькі гэтага чакаюць. З гісторыі ўсе ведаем, якія былі паводзіны Расіі ў дачыненні да Польшчы, Украіны, а цяпер Беларусі. Штодзённа трэба нагадваць тое, што прэзідэнт Лех Качынькі гаварыў выступаючы ў падтрымку Грузіі: „Цяпер Грузія, заўтра балтыйскія краіны, паслязаўтра Украіна, а пазней можа таксама Польшча”. Я заклікаю ўсіх дэпутатаў і еўрадэпутатаў змагацца за бяспечную Польшчу. У інтарэсе бяспечнай Польшчы – бяспечная Беларусь.
Нагадваем, раней лідары пяці асноўных фракцый у Еўрапарламенце падкрэслілі, што не прызнаюць перамогі Аляксандра Лукашэнкі на апошніх прэзідэнцкіх выбарах і заклікалі правесці новыя і свабодныя выбары ў краіне.
Яны таксама заклікалі Расію ўстрымацца ад любога ўмяшальніцтва ў справы Беларусі, а інстытуты ЕС - пільна сачыць за расійскімі крокамі ў гэтым кірунку.
Паседжанне ў Бруселі было другой міжпартыйнай сустрэчай польскіх палітыкаў. У мінулую сераду па справе Беларусі ў Канцылярыі прэм’ера сустрэліся прадстаўнікі ўсіх палітычных фракцый і рухаў польскага Сейму.
Пасяджэнні Польскага клуба, гэта значыць сустрэчы ўсіх дэпутатаў Еўрапарламента ад Польшчы, былі даволі частымі пасля ўступлення Польшчы ў Еўрапейскі Саюз, але пазней, у выніку абвастрэння палітычных канфліктаў у краіне, яны перасталі арганізоўвацца.
Наступная сесія Еўрапарламента павінна адбыцца 14-17 верасня. Паводле інфармацыі Польскага радыё, першапачатковы „чорны спіс” ахоплівае 17 прозвішчаў беларускіх чыноўнікаў. Аднак Аляксандра Лукашэнкі пакуль у ім няма.
аз