Выданне Rzeczpospolita закранае тэматыку Беларусі. Лукашэнка гатовы пайсці на кожныя саступкі адносна Расіі, каб толькі ўтрымацца пры ўладзе. У сераду ў Маскву ездзіў міністр замежных спраў Макей, у чацвер у Беларусі пабываў прэм’ер-міністр Мішусцін, якому Аляксандр Лукашэнка шмат разоў дзякаваў за аказаную дапамогу ў цяжкую хвіліну. А ў пятніцу ў Маскву едзе міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін, каб сустрэцца з Сяргеем Шайгу.
Выданне друкуе таксама інтэрв’ю з галавой каталіцкага касцёла Беларусі Тадэвушам Кандрусевічам. Арцыбіскупу на гэтым тыдні было адмоўлена ў магчымасці ўезду ў Беларусь пасля дзелавога падарожжа ў Польшчу, без тлумачэння прычын. Кандрусевіч адзначае, што гэта парушэнне беларускага заканадаўства, паколькі грамадзяніна Беларусі можна не выпусціць з краіны, але нельга не ўпусціць.
Святар кажа, што касцёл не ўмешваецца ў палітыку. Вернікі часта пытаюць духоўных, як ім галасаваць. Але тыя не могуць даваць канкрэтныя рэкамендацыі. «Я кажу толькі, што неабходна ацэньваць праграмы кандыдатаў з маральнага пункту гледжання», – канстатуе Кандрусевіч. І дадае, што пазней святары казалі яму, што вернікі не маглі знайсці гэтыя маральныя аспекты ў выбарчых праграмах.
Неабходна сесці за стол перамоваў, бо, пакуль мы не сядзім за адным сталом, цяжка будзе знайсці магчымасць паразумення, – кажа Кандрусевіч. На пытанне, ці каталіцкі касцёл у Беларусі адчувае пераслед з боку дзяржавы, арцыбіскуп адказвае, што святар з-за мяжы не можа служыць набажэнства без дазволу ўпаўнаважанага ўраду па пытаннях рэлігіяў і нацыянальных меншасцяў. Нідзе ў свеце няма чагосьці падобнага.
нг