ЕС павінен дапамагчы ў расследаванні злачынстваў сілавікоў супраць народа Беларусі. Пра гэта сказаў у інтэрв’ю нашай радыёстанцыі член прэзідыуму Каардынацыйнага савета па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Павел Латушка.
Былы дыпламат, міністр культуры, зняты за падтрымку пратэстаў з пасады дырэктар Купалаўскага тэатру, член Каардынацыйнага савета беларускай апазіцыі Павел Латушка апошнімі днямі праводзіў інтэнсіўныя перамовы з прадстаўнікамі ўрадавых колаў Польшчы ды Літвы, сустракаўся з прэм’ерамі, міністрамі замежных спраў, дэпутатамі парламентаў, каб данесці ім інфармацыю пра драматычныя падзеі ў Беларусі.
- Галоўная мэта – паінфармаваць палітыкаў і грамадскую думку аб тых падзеях, што адбываюцца ў Беларусі, аб нашых падыходах да вырашэння сітуацыі. Гэтыя падыходы ад імя беларускага грамадства выказвае Каардынацыйны савет. Я намераны таксама наведаць Эканамічны форум, а таксама шэраг еўрапейскіх сталіц, дзе сустрэнуся з прадстаўнікамі ўладных структур, палітыкамі, каб выпрацоўваць выхад з крызісу пры дапамозе міжнароднай супольнасці.
Вырашэнне палітычнага крызісу ў Беларусі – гэта выключна ўнутраная справа жыхароў краіны, ніхто не павінен у яе ўмешвацца. Аднак як Еўрапейскі Саюз, так і Расія могуць уключыцца ў перамовы і стаць пасярэднікам паміж уладамі ды пратэстоўцамі, – кажа госць нашага эфіру.
- Пакуль ёсць толькі два трэкі: Расія ажыццяўляе кантакты толькі з уладамі, а Еўрапейскі саюз – толькі з грамадствам, бо ўлады Беларусі адмовіліся ад гэтых кантактаў. Як дыпламат я лічу неабходным запусціць чатыры трэкі, якія дазволяць нам знайсці выхад з сітуацыі ў рамках заканадаўства Беларусі і міжнароднага права. Так што гаворка ідзе толькі пра медыяцыю.
Ужо амаль месяц у Беларусі адбываюцца масавыя акцыі пратэсту. На іх выходзяць сотні тысяч людзей. Аднак яны робяць уражанне выключна спантанных дзеянняў, якія не маюць перад сабою канкрэтнай мэты, акрамя новых выбараў, і якія не падлягаюць каардынацыі з боку грамадскіх ці палітычных лідараў. Па словах Паўла Латушкі, лідары існуюць, але ім прыходзіцца дзейнічаць насуперак беларускаму заканадаўству, якое не дазваляе палітычнага плюралізму.
- Мы пастаўленыя ў сітуацыю без выбару. Заклікаць да акцый – гэта значыць падвяргаць сябе небяспецы. Членаў прэзідыуму затрымліваюць, супраць іх узбуджаюць крымінальныя справы, супраць мяне з вуснаў Лукашэнкі прагучала пагроза крымінальнай справай, Вольгу Кавалькову вывезлі на беларуска-польскую мяжу, каб яна з’ехала. Таму каардынаваць гэтую дзейнасць складана. Але з іншага боку, мы бачым самаарганізацыю беларусаў, якія выходзяць на мітынгі. Гэта вельмі важна, бо фактычна сёння грамадства яшчэ раз паказвае ўладам, што яно не гатовае пагадзіцца з фальсіфікацыяй выбараў і фактамі гвалту ў адносінах да грамадзянаў нашай краіны.
Якую дапамогу могуць аказаць беларускаму грамадству краіны Еўрапейскага саюзу? Беларусы чакаюць ад ЕС яснай дэкларацыі, што ён запрапануе беларусам, калі іх краіна стане дэмакратычнай, – гаворыць Павел Латушка.
- У размовах з ЕС мы кажам, што вельмі важна, каб беларусы пачулі ясную дэкларацыю, што Еўрапейскі саюз можа прапанаваць ад дня, калі Беларусь стане на шлях дэмакратычнага развіцця. Гэта фінансавыя інструменты дапамогі, свабодны гандаль з Беларуссю, палягчэнне прынцыпаў перамяшчэння людзей, тавараў, капіталаў. Важна наняць міжнародную адвакацкую кампанію, каб яна занялася расследаваннем фактаў крымінальных злачынстваў, якія мелі месца і працягваюцца ў нашай краіне. Неабходна падзяліць адказнасць, аддзяліць тых, хто ажыццяўляе гэтыя акты, ад тых, хто займаецца барацьбой з рэальнай злачыннасцю ў Беларусі.
Павел Латушка быў запрошаны ў Польшчу на Эканамічны форум. На гэтай прадстаўнічай канферэнцыі ён прыме ўдзел у абмеркаванні сітуацыі ў Беларусі.
нг