Польскія выданні пішуць пра адважную жанчыну, якая выступіла супраць Аляксандра Лукашэнкі. Gazeta Wyborcza нагадвае, што кіраўнічка выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава была схоплена невядомымі ў цэнтры Мінска. Пазней аказалася, што яе спрабавалі вывезці ва Украіну, але Марыя парвала свой пашпарт, і такім чынам не магла перасячы мяжу.
Калеснікава стала адным з трох твараў беларускіх пратэстаў. Дзве іншыя жанчыны – Святлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала – былі прымушаныя пакінуць Беларусь, у суботу іншая прадстаўніца Каардынацыйнага савета, Вольга Кавалькова, была вывезеная на мяжу з Польшчай.
У інтэрв’ю Калеснікава казала нядаўна, што яна не збіраецца нікуды з’язджаць, яна будзе працягваць сваю дзейнасць, хаця не адчувае сябе палітыкам. І робіць усё, каб не расчараваць сваіх суайчыннікаў.
Марыі Калеснікавай 38 гадоў, яна не замужам, у яе няма дзяцей. Закончыла Музычную акадэмію ў Мінску па класе флейты і дырыжорства. Апошнія гады была мастацкім дырэктарам мінскага цэнтра культуры «ОК16».
За 26 гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі лёсы яго палітычных супернікаў бывалі трагічнымі. Бывалі выкраданні, катаванні, шматгадовыя турэмныя зняволенні. Лукашэнка заўсёды ахвотна згаджаўся, каб яго апаненты з’язджалі за мяжу, маўляў, гэта доказ іх слабасці. Нікому, хто прабывае за межамі, не ўдалося ўтрымаць палітычнага лідарства ў Беларусі.
Прымушаючы выехаць за мяжу Святлану Ціханоўскую ды іншых членаў Каардынцыйнага савета, Лукашэнка імкнецца абмежаваць палітычныя ўплывы гэтай структуры. Яго ўлада знаходзіцца пад пагрозай, Лукашэнка прапануе правесці змены ў канстытуцыі, каб выйсці з тупіку. Тым не менш, ён заявіў, што з эмігрантамі размаўляць не збіраецца.
Да гэтага часу людзі пераважна самі прымалі рашэнне пакінуць Беларусь, пад ціскам уладаў. У выпадку Калеснікавай гэтую схему зламалі, яе спрабавалі выдварыць з краіны. Гэта паказвае, як важна для рэжыму ад яе пазбыцца. Цяпер уладам, магчыма, прыйдзецца пайсці на дыялог.
У сваю чаргу Rzeczpospolita дадае, што калі Лукашэнка ўсіх пасадзіць у турму або выдаліць за мяжу, то можа пагадзіцца на нейкі псеўдадыялог з грамадствам, падбіраючы сабе суразмоўцаў. Гэта выключна імітацыя гатовасці да дыялогу, каб Еўропа надта моцна не рэагавала на тое, што адбываецца ў краіне.
нг