У сераду, 9 верасня, у Варшаву прыехала Святлана Ціханоўская. Свой першы дзень у польскай сталіцы яна правяла вельмі актыўна. Увесь дзень былая кандыдатка ў прэзідэнты прымала ўдзел у розных мерапрыемствах разам з польскім прэм’ер-міністрам Матэвушам Маравецкім. Спачатку яны сустрэліся на прэс-канферэнцыі з беларускай дыяспарай у новай сядзібе Беларускага дома на вуліцы Крынічнай, 6. Падчас сустрэчы прэм’ер-міністр Польшчы ўручыў Ціханоўскай ключы да будынку.
-Калі чуем, як беларусы спяваюць “Муры”, то ў нашай памяці з’яўляецца барацьба за свабоду ў мінулым. У гэтым годзе адзначаецца 40-годдзе з дня заснавання “Салідарнасці”. І такую салідарнасць мы хочам перадаць беларусам. Няхай сімвалам гэтай салідарнасці стануць ключы да Беларускага дома - месца свабодных беларусаў, якія змагаюцца за свабоду, суверэнітэт і дэмакратыю ў сваёй краіне.
Канферэнцыя для беларускай дыяспары
Падчас канферэнцыі пра сітуацыю ў краіне і змаганне беларускага народа расказала Святлана Ціханоўская.
-У нашай краіне зараз вельмі цяжкі час. Але з іншага боку тое, што адбываецца, паказвае, што беларускі народ прачнуўся, і мы можам ганарыцца гэтым. Мы адчуваем, што мы - адзін народ. Зараз на беларускіх вуліцах адбываюцца страшныя рэчы. Нашы людзі не змогуць прабачыць таго, што адбылося з 9 па 11 жніўня, пасля таго, як людзі пайшлі абараняць свае галасы.
Акрамя таго, Ціханоўская сказала, што адзіны шлях да лепшай Беларусі - гэта новыя, справядлівыя выбары. Яна падзякавала беларускай дыяспары за інфармаванне пра падзеі ў краіне за мяжой і за фінансавую падтрымку пацярпелых ад дзеянняў уладаў.
На сустрэчы прысутнічала таксама Вераніка Цапкала: жанчыны першы раз пасля выбараў убачыліся ўжывую. Былі прысутныя і чальцы Каардынацыйнай Рады Павел Латушка і Вольга Кавалькова, якія расказалі пра далейшыя планы Рады.
Святлана Ціханоўская з беларусамі Варшавы і чальцамі Каардынацыйнай Рады
Пасля сустрэчы з беларускай дыяспарай Святлана Ціханоўская накіравалася ў Варшаўскі ўніверсітэт, дзе прачытала лекцыю для сталічных студэнтаў. Пад універсітэтам яе чакалі беларусы, якія пасля выхаду Ціханоўскай з будынку прывіталі яе лозунгамі “Жыве Беларусь” і “Света – наш прэзідэнт”.
Пасля сённяшніх сустрэчаў Святлана Ціханоўская накіравалася на Эканамічны форум у Карпачы. Варта адзначыць, што пасля шматлікіх сустрэчаў з прадстаўнікамі еўрапейскіх краін у Літве і выступаў на паседжаннях міжнародных арганізацый, паездка ў Польшчу фактычна з’яўляецца першым замежным візітам лідаркі беларускага змагання за свабоду і справядлівыя выбары. Пасля перадачы ключоў да аднаго з асабнякоў у варшаўскім дыпламатычным раёне польскі ўрад можа стаць галоўным партнёрам беларусаў, якія патрабуюць сыходу Лукашэнкі.
бел-чырвона-белыя сцягі ў Варшаве
Слухайце аўдыё
Альберт Ежы Вяжбіцкі