У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі ўлады супраць грамадства. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі, замест намаганняў па стабілізацыі сітуацыі ў краіне, расхіствае маятнік рэпрэсіяў, а прапаганда намагаецца раскалоць беларусаў і распаліць грамадзянскі канфлікт. Дзеянні ўладаў у адказ на мірныя пратэсты пашыраюцца і пераходзіць у новыя формы. На фоне гэтага Святлана Ціханоўская, якая, імаверна, перамагла на прэзідэнцкіх выбарах, пасля свайго выдалення з краіны працягвае працу на міжнароднай арэне. Надоечы адбыўся яе візіт у Польшчу. Ціханоўскую сустракаў і суправаджаў прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. На нашых хвалях палітычны аглядальнік, журналіст Анджэй Пачобут разважае аб тым, як Польшча і агулам Захад рэагуюць на падзеі ў Беларусі:
- Лукашэнка імкнецца знішчыць усё, што было народжана выбарчай кампаніяй і пратэстамі. З гэтае прычыны, Ціханоўская ды іншыя чальцы Каардынацыйнай рады выдаляюцца з Беларусі. Аднак, гледзячы на тое, як прымаюць яе па-за межамі Беларусі, у тым ліку ў Польшчы, якую палітычную дзейнасць яна вядзе, гэты план Лукашэнкі не спраўджваецца.
Святлана Ціханоўская становіцца тварам новай Беларусі. Яна сустракаецца з еўрапейскімі лідарамі, яна выглядае дастойна побач з імі. Лічу, што для тых, хто галасаваў за Ціханоўскую – гэта, безумоўна, повад для гонару.
Падчас візіту Ціханоўскай у Варшаву прэм’ер Маравецкі перадаў ёй ключы ад новай сядзібы Фонду «Беларускі дом». Віла знаходзіцца ў элітным варшаўскім раёне Саска Кэмпа ў атачэнні амбасадаў замежных дзяржаў. Ці можна ў гэтым угледзіць нейкі намёк?
- Я не бачу тут намёку. Мне падаецца, што голас незалежнай Беларусі, голас Беларусі, якая змагаецца супраць рэпрэсіяў, прыдбаў новую пляцоўку. «Беларускі дом» атрымаў новыя магчымасці прадстаўляць беларусаў і дапамагаць тым, хто прыедзе ў Польшчу, уцякаючы ад рэпрэсіяў. Ці скарыстаецца гэтым беларуская грамада, ці не – пакажа час. (...)
Гледзячы на рэакцыю Польшчы і Літвы, яшчэ больш дзіўным выглядае рэакцыя Бруселю і Вашынгтону на падзеі ў Беларусі. Асабліва гэта здзіўляе, бо раней падобнае адбывалася ва Украіне і тады сітуацыя была зусім іншае. Чым выклікана такая рэакцыя Захаду?
- Ведаеце, гэта філасофскае пытанне. Беларусь цягам сваёй гісторыі часта спазнялася з рэакцыяй і міжнародная абстаноўка незваротна змянялася. Пасля 2014 года, пасля таго, як Пуцін прадэманстраваў, што гатовы да мілітарнай барацьбы за ўплывы на постсавецкай прасторы, Захад (я маю на ўвазе перш за ўсё Парыж, Берлін) не гатовы ўмешвацца ў сітуацыю ў Беларусі.
Тым больш, Беларусь неаднаразова на міжнародным узроўні дэкларавала сваё прыязнае стаўленне да Масквы. Польшча, Літва і Украіна – гэта суседзі Беларусі. Краіны, для якіх існаванне незалежнай, адрознай ад Масквы Беларусі з’яўляецца істотным чыннікам бяспекі. Дадзенае бачанне знайшло сваё адлюстраванне ў ваенных дактрынах гэтых дзяржаў. Адпаведна, мы бачым іх заангажаванне ў беларускія справы.
З Анджэем Пачобутам размаўляў Эдуард Жолуд.
Слухайце аўдыё!