Беларуская Служба

Польская газета знаёміць сваіх чытачоў з постаццю Марыі Калеснікавай

11.09.2020 16:37
«Сітуацыя, у якой апынулася Марыя, не прымусіць яе да змены поглядаў – яна не такі чалавек».
Swiatłana Cichanouska i Maryja Kalesnikawa
Swiatłana Cichanouska i Maryja KalesnikawaPAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

Сёння польскія сродкі масавай інфармацыі шмат месца прысвячаюць тэме Беларусі. Так, Gazeta Wyborcza прыбліжае польскаму чытачу постаць Марыі Калеснікавай. Штодзённае выданне нагадвае, што цяпер Калеснікава знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Мінску і падазраецца нібыта ва ўдзеле ў звяржэнні ўлады. Насамрэч палітык пераследуецца за ўдзел у Каардынацыйнай радзе, дарэчы, як і іншыя яе члены. Рэжым не чапае пакуль што толькі Святлану Алексіевіч. Афіцыйныя абвінавачанні пакуль што не высунутыя – на гэта Следчы камітэт мае 10 дзён.

Да Марыі дапусцілі яе адваката Людмілу Казак. «Яна трымаецца мужна. Сітуацыя, у якой апынулася Марыя, не прымусіць яе да змены поглядаў – яна не такі чалавек», – сказала адвакатка.

«Марыя лічыць, што 7 верасня яе выкралі. Яе спрабавалі насільна вывезці на тэрыторыю Украіны, накінуўшы на галаву мяшок», – сказала Людміла Казак. Яна зазначыла, што падчас допыту Калеснікавай пагражалі смерцю. «У яе на целе сляды збіцця», – гаворыць адвакат. Хутчэй за ўсё яны з’явіліся падчас затрымання палітыка. «Мне сказалі, што ці хачу я гэтага, ці не, то і так пакіну Беларусь – жывая альбо па кавалках», – перадала на свабоду словы Калеснікавай яе адвакат. Пры гэтым, як паведамляе польская газета, Марыя Калеснікава паведаміла адвакатцы прозвішчы і званні службовых асоб, якія аказвалі на яе псіхалагічны ціск.

38-гадовая Калеснікава па адукацыі музыкант. Закончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Вучылася ў ВНУ ў нямецкім Штутгарце. Была арганізатарам шматлікіх культурных праектаў у Беларусі і Германіі. Вясной узначаліла штаб кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, а пасля яго затрымання далучылася да каманды Святланы Ціханоўскай, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Дарэчы, выданне цытуе таксама словы вядомага палітыка, экс-кіраўніка Еўрапейскай рады і былога прэм’ер-міністра Польшчы, а цяпер старшыню Еўрапейскай народнай партыі Дональда Туска. Ён сказаў, што на сустрэчы з членамі партыйнай фракцыі ў еўрапарламенце запрапанаваў дэпутатам вылучэнне Святланы Ціханоўскай і яе мужа Сяргея, які знаходзіцца пад следствам, на Нобелеўскую прэмію ў галіне міру. Туск таксама падзякаваў беларусам за тое, што адстойваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ды змагаюцца свае свае правы і свабоду, паведамляе газета.

вс