У нядзелю прадэмакратычная Беларусь зноў выйшла на вуліцы. Гэта шостая нядзеля пратэстаў, і калі Лукашэнка думаў, што дэманстрацыі надакучаць беларусам, то ён глыбока памыліўся. Ні жорсткія дзеянні АМАПа, ні катаванні, ні пераслед на працоўных месцах іх не напалохалі.
Сёння няма сумневаў у тым, што мяжа, за якой была мара аб свабодзе, пераадоленая і нават калі сіла па-ранейшаму застаецца на баку дыктатара, то яго дні злічаныя. Ён прайграе, хаця сёння невядома калі, канстатуе Багуслаў Хрaбoтa на старонках выдання Rzeczpospolita.
Будучыня Беларусі залежыць ад бесперапыннасці і сілы пратэстаў, але таксама ад рашучасці дзвюх жанчын.
Адна з іх – гэта Святлана Ціханоўская, якая лічыць сябе новаабраным прэзідэнтам. Часова ў выгнанні, але, як яна сама падкрэслівае, марыць вярнуцца дадому. Гэта выпадковы палітык.
Адразу пасля выбараў магло здацца, што, як многія іншыя апаненты Лукашэнкі, яна таксама знікне. Але сёння мы ведаем, што гэта не віртуальны праціўнік рэжыму. У Ціханоўскай пачынае абуджацца перакананасць у сваёй місіі і ролі, а таксама стрыманая, але прыкметная харызма.
Другая жанчына – гэта Святлана Алексіевіч, выдатная пісьменніца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Сёння яна - адзіны член Каардынацыйнага камітэта, які застаўся на волі і ў краіне. Для беларусаў Алексіевіч – гэта помнік і святасць. Гэта жывы доказ нацыянальнай адметнасці і значнасці нацыі ў сусветнай культуры. Алексіевіч таксама добра вядомая на Захадзе, таму еўрапейскія паслы ахоўваюць яе парог, а любыя рэпрэсіі будуць мець вялікі водгук ва ўсім свеце.
Гэта дзве жанчыны з розным статусам і дасягненнямі, але з аднолькавай місіяй - прадстаўляць імкненне сваёй нацыі да свабоды.
Для Лукашэнкі абедзве яны ў нейкім сэнсе недатыкальныя. Спроба напасці на Ціханоўскую ў Літве альбо на Алексіевіч была б нечым падобным на пераход Рубікона і ў перспектыве смяротна небяспечным.
Лукашэнка напэўна гэта добра ведае, таму хоча змагацца за ўладу, абапіраючыся не на „сілавіках”, але непасрэдна на Пуціне, з якім сустрэнэцца ў панядзелак. Ці ён пераканае яго аказаць падтрымку? А можа будзе прасіць бяспечнага прытулку ў Рублёўцы для сябе, сям'і і скрадзеных грошай? Пра гэта мы даведаемся ў бліжэйшыя дні.
Безумоўна, ключы ад прэзідэнцкага палаца ў Мінску захоўваюцца ў адной з крамлёўскіх шуфляд. Пуцін не баіцца таго, што ўплыў Расіі на Беларусь скончыцца без Лукашэнкі. Несумненна, ён падрыхтаваў і іншыя сцэнары. Пра гэта сведчыць , між іншым, павелічэнне прысутнасці ў Беларусі „зялёных чалавечкаў” у машынах без нумароў. Як хутка яны здымуць балаклавы і возьмуць на сябе адказнасць за збунтаваную краіну? Ці тады нехта запросіць на перамовы Ціханоўскую і Алексіевіч? - задумоўваецца на старонках выдання Rzeczpospolita Багуслаў Хрaбoтa.
Паводле яго, адказ на гэтае пытанне можна чакаць восенню. Фармальна тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі заканчваецца на пачатку лістапада, і гэта можа быць пераломны момант. Толькі б беларусы вытрымалі, а абедзве жанчыны - справіліся.
аз