Сёння прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі сустрэўся з прадстаўнікамі парламенцкіх фракцыяў і рухаў польскага Сейму па справе сітуацыі ў Беларусі. Гэта ўжо другая міжпартыйная сустрэча з кіраўніком польскага ўраду, якая па гэтай справе адбылася цягам апошніх тыдняў.
Як паведаміў кіраўнік Канцылярыі прэм'ер-міністра Міхал Дворчык(Michał Dworczyk), сустрэчу ініцыяваў прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі і на яе былі запрошаныя прадстаўнікі ўсіх парламенцкіх фракцыяў і клубаў.
Абмяркоўвалася актуальная сітуацыя ў Беларусі, дзеянні Польшчы і магчымыя сцэнары развіцця сітуацыі за ўсходняй мяжой. Мэта сустрэчы - апрацоўка супольнай пазіцыі дзяржавы, заявіў перад ёй Міхал Дворчык:
- Мы абмяркуем магчымае развіццё падзеяў у Беларусі, а таксама прадпрынятыя да гэтай пары дзеянні польскага ўраду. Гаворка пойдзе таксама пра планы. Мы хочам пазнаёміцца з ацэнкай нашых калегаў дэпутатаў і еўрадэпутатаў. Мы лічым, што справа Беларусі павінна абмяркоўвацца ў Польшчы нягледзячы на партыйныя падзелы.
На сустрэчы з прэм’ерам апазіцыйную „Грамадзянскую кааліцыю” прадстаўлялі дэпутаты Адам Шлапка(Adam Szłapka) і Барбара Навацка(Barbara Nowacka).
Адам Шлапка пераконваў, што Польшча павінна ўвесці спрашчэнні для беларусаў на мяжы:
- Цяпер вельмі важнае даць пачуццё бяспекі апазіцыянерам у Беларусі. Гаворка ідзе пра тое, каб яны ведалі, што калі там нешта здарыцца, то ім будзе куды ўцячы. Гэта адна справа. Другая, гэта спрашчэнні пры атрыманні дазволу на знаходжанне. Гаворка ідзе пра від на жыхарства, дазвол на працу і г.д.
У сваю чаргу Барбара Навацка падкрэсліла, што важнай справай з'яўляецца гуманітарная дапамога.
- Вельмі добра, што дапамагаюць прафсаюзы ці розныя грамадскія арганізацыі, але тут патрэбная дапамога дзяржавы. Наступная справа, гэта дапамога ў асіміляцыі тым, хто да нас прыязджае. Гэта вывучэнне мовы, клопат пра дзяцей і моладзь, якая таксама можа прыехаць у Польшчу на вучобу. Самых ініцыятываў ВНУ і іншых установаў не хопіць. Заявы адной, ці другой вышэйшай школы – гэта мала. Тут неабходная дзяржава, якая дапаможа, цяпер, у першую чаргу, беларускім жанчынам, якія змагаюцца за свабоду. Таму, калі яны вырашаць адправіць у Польшчу сваіх дзяцей, то трэба гарантаваць ім апеку і бяспеку.
Прадстаўнік клуба Польскай сялянскай партыі-Кукіз'15 Міхал Каміньскі (Michał Kamiński) лічыць, што голас афіцыйнай Варшавы павінен быць выразны і адназначны:
- Нягледзячы на падзелы трэба сказаць выразна „не” расійскаму імперыялізму. З другога боку, трэба сказаць „так” свабодзе ў Беларусі. Мы можам адрознівацца ў поглядах, калі гаворка ідзе пра розныя справы. Аднак мы згодныя, што расійскі імперыялізм - гэта зло, а беларусы маюць права жыць, як свабодныя людзі. Па гэтай справе сярод палякаў няма ніякіх спрэчак. Гэткая пазіцыя павінна быць агучаная пасля сустрэчы ў канцылярыі прэм’ера.
Міхал Дворчык ацаніў трохгадзінную сустрэчу як плённую.
- Зразумела, мы можам адрознівацца, калі гаворка ідзе пра падрабязнасці, што падчас сустрэчы падкрэслівала „Канфедэрацыя”. Аднак, асноўная мэта – суверэнітэт, які ў выніку дае таксама стабільнасць і бяспеку Польшчы, бясспрэчны.
У сустрэчы з прэм'ер-міністрам удзельнічалі прадстаўнікі парламенцкіх фракцыяў кіроўнай партыі „Права й справядлівасці”, апазіцыйных: „Левых сілаў”, Польскай сялянскай партыі–Кукіз '15 і „Канфедэрацыі”.
Нагадваем, першая сустрэча прэм’ера Матэвуш Маравецкага з прадстаўнікамі кіроўнай кааліцыі і апазіцыі прайшла напрыканцы жніўня.
Кіраўнік польскага ўраду нязменна падкрэслівае, што падзеі, якія зараз адбываюцца за ўсходняй мяжой Польшчы, настолькі важныя, што патрабуюць згоднай супрацы палітычных сілаў краіны, нягледзячы на палітычныя падзелы.
У сваю чаргу на пачатку верасня ў Бруселі прайшла міжпартыйная сустрэча польскіх еўрадэпутатаў, на якую запрасілі прадстаўнікі кіроўнай партыі „Права й справядлівасць” у Еўрапарламенце - Анна Фатыга(Anna Fotyga) і Рышард Легутка(Ryszard Legutko).
Сустрэча была нагодай абмяняцца думкамі аб тым, як павінна выглядаць пазіцыя Еўрапарламента па сітуацыі ў Беларусі. Падчас яе абмяркоўвалася рэзалюцыя па Беларусі, справа кандыдата на ўзнагароду імя Андрэя Сахарава „За свабоду думкі”, якую Еўрапейскі парламент прысуджае кожнай восенню, пытанне гуманітарнай дапамогі для Беларусі, а таксама санкцый, якія ЕС плануе ўвесці супраць прадстаўнікоў беларускіх уладаў за парушэнні правоў чалавека ў краіне.
Удзельнікі сустрэчы ў Бруселі падкрэслілі, што яна была накіраваная на каардынацыю дзейнасці, звязанай з сітуацыяй у Беларусі, на еўрапейскім узроўні.
Дэпутат Еўрапарламента ад кааліцыйнай партыі „Пагадненне” Адам Белян(Adam Bielan) лічыць, што еўрадэпутаты з Польшчы і іншых краін Цэнтральнай Еўропы павінны сумесна паведамляць заходнім палітыкам і грамадствам пра падзеі ў Беларусі. Ён падкрэсліў, ім трэба паказаць важнасць падзеяў, якія адбываюцца ў Беларусі з пункту гледжання бяспекі іх краін і ўсяго Еўрапейскага Саюза:
- Палякі павінны пераконваць французаў, немцаў, іспанцаў і італьянцаў, што падзеі ў Беларусі важныя таксама для бяспекі іх краінаў. Калі Расія паглыне Беларусь, то мяжа Расійскай Федэрацыі і Еўрасаюза рашуча павялічыцца. Вырасце таксама ўзровень пагрозы для ўсяго Еўрасаюза.
Белян таксама лічыць, што цікавасць Польшчы да Беларусі - гэта пытанне салідарнасці і палітычных інтарэсаў, а таксама гістарычных і культурных прычын. Ён падкрэсліў, што сітуацыя ў суседняй краіне ўплывае на ваенную і энергетычную бяспеку Польшчы.
„Нягледзячы на ўсе гэтыя прычыны, мы не можам прыглядацца, як людзей збіваюць, забіваюць, выкрадаюць з вуліцы. У гэтым пытанні актыўна дзейнічаць павінна не толькі Польшча, але і ўвесь Еўрапейскі Саюз”, - заявіў еўрадэпутат Адам Белян.
Ад пачатку крызісу ў Беларусі польскія ўлады прадпрынялі шмат дзеянняў, каб дапамагчы беларускаму грамадству.
Нагадваем, 14 жніўня прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі прадставіў у Сейме план „Салідарныя з Беларуссю”, які, сярод іншага, прадугледжвае стыпендыі для беларускіх студэнтаў, спрашчэнні падчас уезду ў Польшчу і падтрымку незалежных СМІ. Для гэтага Польшча абяцала вылучыць 50 мільёнаў злотых (больш за 11 мільёнаў еўра).
З ініцыятывы Польшчы сітуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася таксама на форуме Еўрапейскага савета.
аз