Беларуская Служба

Такога сумеснага паседжання літоўскіх ды польскіх уладаў не было 230 гадоў

19.09.2020 10:00
Яны падобным чынам глядзяць на пагрозы з усходу, расійскае перайначанне гісторыі Другой сусветнай вайны ды падзеі ў Беларусі.
-
Прэм'ер-міністры Польшчы і Літвы падлпісваюць дэкларацыю па Беларусіфота: PAP/Radek Pietruszka

Пілсудскі ўжо нас не падзяляе – піша выданне Rzeczpospolita пра сустрэчу прадстаўнікоў польскага і літоўскага ўрадаў. Дэлегацыя паловы польскага кабінету міністраў прысутнічала ў Вільні 17 верасня, у гадавіну нападзення савецкіх войскаў на Польшчу. Сустрэча з літоўскімі палітыкамі паказвае, што палякі ды літоўцы падобным чынам ставяцца да выклікаў нашых часоў – пагрозы з усходу, расійскага перайначання гісторыі Другой сусветнай вайны ды падзей у Беларусі.

Па словах кіраўніка канцылярыі прэм’ер-міністра Міхала Дворчыка, такога сумеснага паседжання літоўскіх ды польскіх уладаў не было апошнія 230 гадоў. Свет мяняецца ў лепшы бок.

Маршал Юзэф Пілсудскі – гэта гістарычная постаць, якая выклікае вялікія эмоцыі ў жыхароў Літвы, паколькі дагэтуль яны атаясамлівалі яго са стратай Вільні 100 гадоў таму. Цяпер жа больш спраў палякаў ды літоўцаў яднае, чым дзеліць.

Падчас пасяджэння была падпісана сумесная дэкларацыя, адной з тэмаў якой з’яўляецца Беларусь. «Мы падтрымліваем незалежнасць, суверэнітэт ды інтэгральную цэласнасць Рэспублікі Беларусь... Асуджаем гвалт ды іншыя формы насілля адносна народу і заклікаем як мага хутчэй правесці свабодныя і дэмакратычныя прэзідэнцкія выбары» – напісана ў дакуменце.

Улады абедзвюх краін падтрымліваюць план дапамогі Беларусі. З вуснаў прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага прагучала сума дапамогі, якая можа быць аказана Беларусі, пры ўмове правядзення свабодных выбараў – «як мінімум 1 млрд. еўра». Гэта менш, чым крэдыт, які паабяцаў Лукашэнку Пуцін (1,5 млрд. долараў – 1,27 млрд. еўра).

Як неафіцыйна даведалася выданне, працягваюцца інтэнсіўныя перамовы, каб прапанова, якая будзе прадстаўлена на саміце Еўрасаюзу 24-25 верасня, была больш прывабная, чым тая дапамога, якую можа аказаць Беларусі Крэмль.

На сустрэчы ішла таксама гаворка пра шляхі выхаду краін з пандэміі каранавіруснай інфекцыі. Па словах прэм’ер-міністра, Польшча прыняла Літву за ўзор у барацьбе з захворваннем. У Літве выключна мала смяротных ахвяраў Кавід-19 (32 на мільён жыхароў, у Польшчы – 60, у Заходняй Еўропе – нават звыш 800 у Бельгіі). Літва стане, верагодней за ўсё, дзяржаваю, у якой захаваюцца найлепшыя эканамічныя паказчыкі ў эпоху кавіду. Польшча можа заняць другое месца на гэтым п’едэстале.

нг