Беларуская Служба

Прэзідэнт Анджэй Дуда кажа, што ён нікуды не знікаў

23.10.2020 12:10
Журналісты ставяць яму ў віну, што ён адносна мала ўвагі прысвячае праблеме эпідэміі каранавіруса ў Польшчы.
Прэзідэнт Анджэй Дудафота: PAP/Jakub Szymczuk/KPRP

У выданні Dziennik Gazeta Prawna вялікае інтэрв’ю з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Журналісты ставяць яму ў віну, што ён адносна мала ўвагі прысвячае праблеме эпідэміі каранавіруса ў Польшчы, апошнім часам некалькі дзён прабыў у Эстоніі, калі на радзіме назіраюцца рэкордныя лічбы заражаных.

Па словах Анджэя Дуды, ён нікуды не знікаў. Нармальна, што падчас выбарчай кампаніі палітык значна часцей паяўляецца ў СМІ, выступае публічна, а пазней наступае перыяд спакайнейшай працы (выбары прэзідэнта адбыліся ў ліпені – рэд.).

Калі мы пачнем забываць пра іншую дзейнасць, чым барацьба з эпідэміяй, то зараз пачнуцца эканамічныя праблемы. Эпідэміялагічная сітуацыя як у Польшчы, так і на свеце, вельмі сур’ёзная, але нельга ўпадаць у паніку, – адзначае Дуда. Сапраўды, летам палітыкі казалі, што вірус удалося ўзяць пад кантроль, але, пры гэтым, была гаворка пра вялікую небяспеку другой хвалі пандэміі, якая цяпер і наступіла. Трэба захаваць спакой і рабіць усё магчымае, каб справіцца з другой хваляй, – гаворыць Дуда. На што журналісты кажуць, што яму лёгка захоўваць спакой, бо калі захварэе ён сам або хтосьці з яго блізкіх, для іх знойдзецца месца ў найлепшым шпіталі, а звычайныя людзі баяцца, бо ўжо чуваць, што карэткі хуткай дапамогі гадзінамі кружаць па горадзе з хворым на COVID-19, а іх адсылаюць ад аднаго шпіталя ў другі, бо нідзе няма месцаў.

«Я разумею вялізнае занепакаенне, ведаю, што для некаторых людзей, асабліва пажылых, вірус асабліва небяспечны. Аднак я глыбока веру, што мы пераможам пандэмію і жыццё пойдзе далей сваім звычайным рытмам», – адказвае прэзідэнт.

нг