Некаторыя краіны з гэтак званай старой Еўропы разглядаюць былыя савецкія рэспублікі як свайго роду тэрыторыі пад расійскім панаваннем, піша Дамініка Цёсіць з Таварыства польскіх журналістаў. Паводле яе, Еўразвяз неахвотна вядзе актыўную палітыку ў гэтым рэгіёне. Гэта было відавочна падчас вайны ў Грузіі 2008 года. Хоць Францыя, якая на той момант старшынствавала ў ЕЗ, у верасні прызначыла пазачарговы саміт супольнасці ў Бруселі. Тады прэзідэнт Нікаля Сарказі ўзяў на сябе ролю перамоўшчыка, аднак адносіны з Расіяй адносна хутка вярнуліся да ранейшых стандартаў. Падобную сітуацыю мы назіралі падчас расійскай агрэсіі ў Данбасе і ў Крыме, піша аўтар.
Аднак у сітуацыі беларускай рэвалюцыі журналістка заўважае паралель з грузінскімі падзеямі. Абедзве сітуацыі мелі месца ўлетку, калі інстытуты ЕЗ працуюць павольней. Таму на адносна хуткую рэакцыю Бруселя паўплывала польскае і літоўскае лабіраванне. Менавіта прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заклікаў да правядзення анлайн-сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў ЕЗ па пытанні Беларусі. Таксама польскія еўрадэпутаты сумесна вылучылі кандыдатуру беларускай апазіцыі да прэстыжнай узнагароды імя Сахарава. Калі б не дзеянні польскіх палітыкаў, то тэма Беларусі ў вышэйшых установах ЕЗ магла б ужо знікнуць, аднак аб’яднаная Еўропа ўводзіць у жыццё новыя санкцыі, якія закранулі і беларускага ўзурпатара Лукашэнку.
Беларускай справе ў ЕЗ пашкодзіла, але і адначасова дапамагла справа атручвання Аляксея Навальнага. Гэтая справа, паводле Дамінікі Цёсіць, перанакіравала ўвагу еўрапейскіх палітыкаў з Беларусі на Маскву, аднак адначасова дазволіла шматлікім прадстаўнікам супольнасці заўважыць, што Расія не з’яўляецца надзейным дэмакратычным партнёрам. Гэта магло прывесці да таго, што мы не назіралі «гандлю беларускай справай» між ЕЗ і Расіяй, адзначае журналістка. У супольнасці надалей жыве перакананне, што Крамля раздражняць не варта, аднак беларускі пратэст і атручванне Навальнага могуць прывесці да змены пазіцыі некаторых заходніх палітыкаў.
Rzeczpospolita/аев