Вывучаючы дакументы, артыкулы, маніфесты ды дзённікі мінулых дзён, мы можам шмат даведацца наконт таго, якім хацелі бачыць свет нашыя продкі. Гэтым пытаннем у кантэксце паўстання Каліноўскага і планаў, датычных будучай дзяржавы, занялася прафесар Варшаўскага ўніверсітэту Аліцыя Кулецкая. На лекцыі, якая адбылася дзякуючы Студэнцкаму клубу міжэпохавых даследаванняў, пабываў Альберт Ежы Вяжбіцкі.
Сёння – дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага – героя Польшчы, Літвы і Беларусі. Ён стаў вядомы, як адзін з лідараў паўстання 1863-64 гадоў, у Польшчы яго называюць таксама студзеньскім паўстаннем. Галоўнай яго мэтай было стварыць незалежную дзяржаву-наследніцу Рэчы Паспалітай. 19 стагоддзе, якое стала «вясной народаў», на першае месца ставіла нацыянальную ідэю. Незалежнасць часта спалучалася з уладай нацыянальнай групы, якая была большасцю на дадзенай тэрыторыі. Аднак у паўстанні Каліноўскага прымала ўдзел некалькі народаў. Яны змагаліся за незалежнасць ад расійскага панавання. Ці мелі яны планы таго, як пабудаваць будучую дзяржаву? Паводле даследчыцы тэмы прафесара Аліцыі Кулецкай, цяжка сёння вызначыць адну ідэю дзяржаўнасці ў лідараў паўстання:
-Я не знайшла ніводнага артыкула, які комплексна паказваў бы бачанне будучай дзяржавы ў думцы ідэолагаў паўстання. Канешне, дакументы дазваляюць нам сабраць і стварыць карцінку новай дзяржавы паводле лідараў паўстання, але цяжэй знайсці думкі ўдзельнікаў зрыву. Як стваральнікі ідэалогіі паўстання, так і ўдзельнікі прадстаўлялі вельмі розныя групы. Яны былі аб’яднаныя вакол палітычнай мэты – здабыць незалежнасць, дзяржаўнасць, але гэта не азначае, што была еднасць у палітычных, філасофскіх або рэлігійных поглядах.
Ідэалагічныя арганізацыі, якія падрыхтавалі паўстанне, як і пазнейшыя ўрады паўстанчай дзяржавы, у сваёй дзейнасці і дакументах звярталі ўвагу на гістарычны фактар падзеяў ды спадчыну народаў Рэчы Паспалітай. Агулам падкрэслівалася еднасць ды супраца між народамі, што апынуліся пад расійскім прыгнётам у канцы 18 стагоддзя. Падзеяй, якая вяртала ідэолагаў да слаўнага мінулага, была перад усім Люблінская Ўнія, якой 300-годдзе ў 1869 годзе спадзяваліся святкаваць ужо ў незалежнай дзяржаве:
-Цэнтральны камітэт паўстання стараўся нагадваць важныя падзеі з гісторыі Рэчы Паспалітай, якія неслі інтэграцыйную ідэю. Такой падзеяй была, напрыклад, Люблінская ўнія. Яе бачылі як «дабравольнае спалучэнне Літвы ды Русі з Польшчай». Гэта было прама звязана з тэрытарыяльным дыяпазонам будучай дзяржавы. Пастанова Люблінскага сойму з 1569 года была паказана як супольнае рашэнне аб’яднання Кароны і Літвы. Падкрэслівалася дабравольнасць, адсутнасць прымусу ды тоеснасць дзяржаўнай і нацыянальнай супольнасці. Ідэя Люблінскай уніі як дабравольнага рашэння, заключанага парламентарным шляхам, прасоўвалася і ў касцёлах. У гадавіну ўніі, замест чорнай вопраткі на знак жалобы пасля страты незалежнасці, заклікалася апранаць белыя колеры – як радасць з заключанай продкамі дамовы. Таксама збіраліся грошы на падрыхтоўку паўстання. Асновай ідэі паўстанцаў было вярнуць дзяржаву з разгорнутай тэрыторыяй, з высокай вайсковай ды палітычнай пазіцыяй у Еўропе.
Якім бы важным для Беларусі ды Літвы не было паўстанне 1863-64 гадоў, яно перш за ўсё кіравалася палякамі, або людзьмі, што лічылі Польшчу ды польскі народ галоўным рухавіком сацыяльных пераменаў. У адрозненні ад паўстання 1830 года, аднак, польскія дзеячы заўважалі ды падтрымлівалі заявы на існаванне ад іншых народаў. Яны называліся па рознаму – «брацкія народы», «шматэтнічная дзяржава», «саюз многіх народаў». Сярод іх, напэўна, былі і беларусы, якіх прадстаўнікі таксама знаходзіліся побач з вышэйшым кіраўніцтвам масавага пратэсту. Планаў аўтаноміі было некалькі. Некаторыя лічылі, што гэта вырашацца будзе пасля перамогі паўстання, іншыя ўжо стваралі і агучвалі свае ідэі надання правоў народам новай Рэчы Паспалітай:
-Пераўтварэнне Часовага ўраду ў Народны ўрад спрычынілася да публікацыі праграмнай дэкларацыі будучай дзяржавы. Яна мела апірацца на ідэі роўнасці перад законам, прызнанні сялянам права на зямлю. Жыхары Літвы ды Русі былі акрэсленыя ў ім як «брацкія народы». Запэўнівалася аб развіцці іх нацыянальнай свядомасці ды моваў. Падкрэслівалася, што ў склад новай дзяржавы ўвойдуць Карона, Літва ды Русь, як адна дзяржаўная структура. Такім чынам стваралася, хутчэй за ўсё, унітарная дзяржава. Аўтаномія народаў мела датычыць моўнай ды нацыянальнай свабоды. Новая дзяржава павінна быць шматэтнічнай, вялікай настолькі, каб запэўніць сабе адпаведны дэмаграфічны і эканамічны патэнцыял, каб абараняць незалежнасць і мець высокую пазіцыю сярод дзяржаў Еўропы. Такая ідэя спасылалася на ідэю дзяржаўнасці Рэчы Паспалітай.
Канешне, сярод пытанняў будучай дзяржавы ў дакументах паўстання, адным з важнейшых было пытанне дзяржаўнага ладу. Былі прыхільнікі як манархіі, так і рэспублікі. Важным аспектам мабілізацыі насельніцтва ўсіх куткоў былой Рэчы Паспалітай былі і правы сялян, якія маглі стаць рухавіком змаганняў. Як бы не было – тэма магчымага выгляду адноўленай Рэчы Паспалітай патрабуе яшчэ даследаванняў і новых адкрыццяў сярод тагачасных дакументаў.
Альберт Ежы Вяжбіцкі