Беларуская Служба

Кіраўнік Дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі: Пад санкцыі павінны трапіць усе, хто супрацоўнічае з рэжымам

18.02.2021 14:27
Мы звярнуліся да Роберта Бедраня з пытаннем, ці дачакаюцца беларусы з боку ЕЗ больш рашучых дзеянняў па абароне грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Аўдыё
  • Еўрадэпутат ад Польшчы, кіраўнік Дэлегацыі Еўрапарламенту па пытаннях Беларусі Роберт Бедрань распавёў нам пра дзейнасць ЕЗ па падтрымцы дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.
Здымак мае ілюстрацыйны характар Screenshot z Youtube

Рэжым распачаў чарговы наступ, сілавікі працягваюць рэаліўоўваць тактыку «выпаленага поля». Пад удар трапілі журналісты і праваабаронцы. 16 лютага па ўсёй краіне прайшлі ператрусы ў дамах і офісах не менш як трыццаці актывістаў, у тым ліку праваабарончага цэнтра «Вясна» і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Магчыма зачышчаецца прастора перад чарговым вітком тэрору супраць удзельнікаў пратэсту. Мы звярнуліся да еўрадэпутата, старшыні Дэлегацыі Еўрапарламента па пытаннях Беларусі Роберта Бедраня з пытаннем, ці дачакаюцца беларусы з боку ЕЗ больш рашучых дзеянняў па абароне грамадзянскай супольнасці Беларусі:

-Мы назіраем драматычныя сцэны. АМАП, міліцыя ўрываюцца ў дамы журналістаў. Дзве журналісткі «Белсату» падсудныя. Мы ўважліва сочым за падзеямі. Ужо ў бліжэйшыя дні адбудзецца пасяджэнне Дэлегацыі Еўрапейскага Парламента па пытаннях Беларусі, на якім абавязкова апошнія падзеі будуць закранутыя. Надоечы Еўрапейскі Парламент прыняў моцную рэзалюцыю па Беларусі, якая таксама накіраваная на абарону журналістаў. Рэзалюцыя, а таксама чарговая атака рэжыму на журналістаў і праваабаронцаў знойдзе сваё адлюстраванне ў знешняй палітыцы ЕЗ. Мы будзем дамагацца пашырэнне санкцыйнага спісу, туды трапяць не толькі прадстаўнікі вышэйшай улады і ключавыя сілавікі, як было дагэтуль.

Новыя санкцыі закрануць чыноўнікаў сярэдняга і ніжняга звяна. Санкцыі павінны мацней і выразней ударыць па рэжыму апошняга дыктара Еўропы. Еўрапейскі Парламент уважліва сочыць за падзеямі, трымае руку на пульсе. Мы дзейнічаем, у тым ліку ў практычным кірунку, а менавіта пачалі аказваць фінансавую дапамогу. Еўрапарламент, Еўракамісія пачалі фінансавую падтрымку незалежныХ беларускіх медыя.

Ці чарговыя санкцыі закрануць гаспадарчыя суб’екты, звязаныя з рэжымам Лукашэнкі, ці ЕЗ абмяжуецца фізічнымі асобамі?

-Мы разлічваем на тое, што санкцыі закрануцьгаспадарчыя суб’екты. Агулам пад санкцыі павінны трапіць усе, хто супрацоўнічае з рэжымам Лукашэнкі. Тут не павінна быць адрознення для фізічных і юрыдычных асобаў. Мэта адна – ізаляваць рэжым Лукашэнкі ад міжнароднай супольнасці, дыктатарскі рэжым не можа мець ніякіх кантактаў са знешнім светам. Лукашэнка падняў руку на грамадзянаў сваёй дзяржавы, ён узурпатар, Еўразвяз не прызнае яго прэзідэнтам. ЕЗ разрывае супрацоўніцтва з яго рэжымам.

Асноўным выклікам для нас з’яўляецца стварэнне ўмоваў для стабілізацыі становішча ў Беларусі, якая павінна заключацца ў прыходзе да ўлады дэмакратычных сілаў на падставе народнага мандату.

Распрацоўваючы новы пакет санкцыяў, з якімі беларускімі асяродкамі перадусім супрацоўнічаюць структуры Еўразвязу?

-Нашым бліжэйшым партнёрам з’яўляецца Каардынацыйная рада на чале са Святланай Ціханоўскай. Ціханоўская і прадстаўнікі Рады рэгулярна наведваюць Еўрапарламент, сустракаюцца з прадстаўнікамі Еўракамісіі, удзельнічаюць ва ўсіх нашых нарадах. Нагадаю, што Дэлегацыя Еўрапарламенту па Беларусі, якой я кірую, ужо два разы з адмысловай місіяй наведвала Беларусь. Апошні раз такая місія адбылася месяц таму. Цягам трох дзён мы праводзілі перамовы з прыкладна 80 прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў. Справаздача па выніках гэтай місіі была перададзена старшыне Еўрапарламенту. Наша справаздача стане падставай для пачатку чарговых крокаў па ўрэгуляванню сітуацыі ў Беларусі.

Адбываюцца кансультацыі, якія закранаюць як мага шырэйшае прадстаўніцтва грамадзянкай супольнасці Беларусі. Мы вядзем перамовы не толькі з прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады, але таксама са СМІ, няўрадавымі арганізацыямі, прадпрымальнікамі, беларусамі замежжа. Мы намагаемся праводзіць шырокія кансультацыі нашых будучых дзеянняў.

Папрашу вас падсумаваць тыя крокі, якія еўрапейскія структуры ўжо ажыццявілі па падтрымцы дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.

-Па-першае, Еўрапейскі Звяз вылучыў канкрэтныя сродкі на падтрымку дэмакратычных зменаў у Беларусі. Гэтая падтрымка таксама тычыцца незалежных медыя. Ужо зараз канкрэтныя сумы ідуць на такія СМІ. Па-другое, уся фінансавая падтрымка рэжыму з боку ЕЗ прыпыненая. Раней супраоцўніцтва з афіцыйным Мінскам праводзілася па прынцыпу «крытычнае заангажаванне», цяпер усе супольныя праекты спыненыя. Па-трэцяе, нельга забываць пра санкцыі, пад якія трапілі некалькі дзясяткаў чалавек і гаспадарчых суб’ектаў. У бліжэйшай будучыні, праўдападобна, санкцыі будуць пашыраны.

На дуаены момант мы актыўна працуем над арганізацыяй міжнароднай канферэнцыі дабрачынцаў. На якой плануем сабраць больш сродкаў на для падтрымкі дэмакратычных сілаў у Беларусі. Таксама зараз мы дапамагаем Каардынацыйнай Радзе ў стварэнні сеткі квазі-дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі ў краінах Еўропы. Такія пляцоўкі дапамогуць утрымліваць кантакты паміж Каардынацыйнай Радай, Святланай Ціханоўскай і нацыянальнымі ўрадамі, дзеля таго, каб дапамога была як мага эфектыўная. Робіцца шмат.

Аднак, я, як старшыня Дэлегацыі Еўрапарламента па пытаннях Беларусі лічу, што Еўрапейскі Звяз можа і павінен зрабіць болей. Мы працягнем аказваць ціск на Еўрапейскую Раду, каб тая прымала больш рашучыя захады дзеля падтрымання Беларусі, каб дэмакратычныя змены там адбыліся, як мага хутчэй!

Еўрадэпутат ад Польшчы, кіраўнік Дэлегацыі Еўрапарламенту па пытаннях Беларусі Роберт Бедрань распавёў нам пра дзейнасць ЕЗ па падтрымцы дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі, а зім гутарыў Эдуард Жолуд.

Слухайце аўдыё!