Прысуды Кацярыне Андрэевай і Дар'і Чульцовай вынесла судздзя Натальля Бугук.
"Гэты прысуд абсалютнае дзікунства і цемрашальства, пракаментаваў нам намеснік дырэктара «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі, з якім мы гутарым якія наступствы пацягне за сабой гэты прысуд наогул на працу журналістаў каналу ў Беларусі, ды наогул на незалежных журналістаў.
Aleksy Dzikawicki
- У так званым судзе, мы бачылі, што ўся так званая доказная база проста рассыпалася, таму што ніякіх сур'ёзных доказаў віны ў абсурдным артыкуле аб падрыхтоўцы незаконных масавых пратэстаў, у нашых дзеўчын не было. Яны, калі вінаватыя, то ў тым, што выконвалі свае прафесійныя абавязкі. Гэтыя два гады калоніі гэта паказальнае пакаранне для ўсёй беларускай журналістыкі, не толькі для «Белсата». Улады выбралі «Белсат» вядома чаму, таму што мы вельмі моцны і ўплывовы сродак інфармацыі. Мы рабілі стрымы з акцыі пратэсту ў час, калі ніхто гэтага не рабіў. Улады вельмі баяцца, калі паказваюць амапаўцаў ці міліцыянтаў, якія лупцуюць, дубасяць маладых дзяўчын ці хлопцаў на акцыях пратэстаў. Яны, хоць хаваюць свае твары за маскамі ці балаклавамі, але і так гэтага баяцца. Таму гэты вырак паказальны, каб, груба кажучы, заткнуць рот усёй беларускай журналістыцы. Але мы ў «Белсаце» рабілі і надалей будзем рабіць усё, што магчымае ў прафесійным плане.
Ці прысуд для Чульцовай і Андрэевай паўплывае на рэжым працы «Белсата» ў Беларусі і белсатаўскіх журналістаў?
- Я думаю, што ў нейкім сэнсе гэты вырак, канешне будзе мець уплыў, таму што з людскога пункту гледжання, ніхто не хоча ісці сядзець у турму. Таму пэўна кожны беларускі незалежны журналіст, які працуе для незалежных медыяў, ідучы на працу, будзе мець недзе там у галаве гэты прысуд. У Беларусі журналістыка ўжо даўно небяспечная прафесія. І апошнія 20 гадоў у гэтую прафесію, у незалежную журналістыку, ідуць людзі смелыя, таленавітыя, але якія таксама добра сабе ўсведамляюць, якую пагрозу гэта нясе. Так, што я не думаю, што ва ўладаў атрымаецца запалохаць усіх цалкам. Я думаю, што ўсё-такі, у ХХІ стагоддзі, калі ёсць шмат магчымасці перадачы інфармацыі, неабавязкова аддаваць газету ў друкарню ці дасылаць інфармацыю факсам. Ёсць смартфоны, ёсць Інтэрнэт. А ўлады сёння паказалі, якая ў іх мэта – пасадзіць у турмы ўсіх незалежных журналістаў, але я думаю, што ў іх гэта не атрымаецца.
Старшыня Дэлегацыі па Беларусі ў Еўрапейскім парламенце Роберт Бедрань сказаў, што Еўразвяз, Еўрапейская рада аказваюць фінансавую падтрымку незалежным беларускім СМІ. Гэтай падтрымкай ахопліваецца таксама «Белсат»?
- Скажам наўпрост, актыўнасць замежных донараў, не кажам пра польскі ўрад ці Польскае тэлебачанне, у справе фінансавання і падтрымкі «Белсата» вельмі слабая. На жаль, калі ва ўсім нашым бюджэце падтрымка з іншым краін складзе некалькі працэнтаў, то гэта ўжо шмат.
А ўвогуле, што тычыцца пазіцыі Еўрапейскага Звязу і так званых санкцыяў, то я вельмі спадзяюся, што сённяшні вырак пакажа ўсю смешнасць сітуацыі. Бо калі ад пачатку пратэстаў у нас былі затрыманыя 33 тысячы чалавек, 1800 крымінальных справаў, 225 палітвязняў, то ў санкцыйных спісах 88 беларускіх чыноўнікаў. Гэта проста недарэчна і смешна. Усе гэтыя людзі: суддзя, пракурор, следчыя, каторыя займаюцца справай нашай Дарыі Чульцовай ці Андрэевай, яны павінны былі б ведаць, што вось толькі прагучаў сёння вырак, а яны ўжо ў гэтых санкцыйных спісах. Толькі моцныя персанальныя санкцыі маглі б, на маю думку, нешта змяніць.
Плануюць гэта, і ў Еўразвязе кажуць, што будуць уводзіць санкцыі для чыноўнікаў сярэдняга і ніжэйшага звяна, і што гэта хутка адбудзецца. Яшчэ пытанне пра штрафы, бо белсатаўскія журналісты атрымліваюць шмат штрафаў. Як з гэтым спраўляецца Рэдакцыя?
- Для нас нічога новага ў гэтым няма. Мы ўжо 14 гадоў працуем без акрэдытацыі, бо беларускія ўлады гэтую акрэдытацыю нам не даюць. У адміністрацыйным кодэксе РБ прадугледжаны толькі штраф за працу без акрэдытацыі. У Беларусі няма такога панятку як фрылансер, то бок, чалавек мусіць быць прыпісаны да нейкай рэдакцыі. Калі ён не прыпісаны, то ён працуе без акрэдытацыі. А каб мець акрэдытацыю, то спачатку Рэдакцыя павінна акрэдытавацца ў Беларусі, а потым пры Рэдакцыі журналіст. У нас гэтага няма, таму нас штрафуюць ад самага пачатку. Летась мы заплацілі недзе каля 100 тысяч злотых штрафаў, а ўвогуле за апошнія некалькі гадоў мы заплацілі штрафаў на нашых калегаў 125 тысяч еўра, гэта больш чым паўмільёна злотых. На шчасце ёсць партнёрскія арганізацыі, міжнародная салідарнасць журналістаў, каторыя нам дапамагаюць заплаціць штрафы за нашых журналістаў. Штрафы вялікія, у сярэднім 2 тысячы рублёў. Гэта непрыемна плаціць у бюджэт штрафы ні за што. Мы гэта называем падаткам ад свабоды слова.
Аб прысудзе 2 гадоў турмы для дзвюх журналістак «Белсата», аб штрафах, якія плаціць Рэдакцыя за сваіх журналістаў у беларускі бюджэт і ці ўдасцца рэжыму Лукашэнкі задушыць незалежных журналістаў нам распавёў намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.
Гутарыла Яланта Смялоўская