Беларуская Служба

Адзіны магчымы правакатар на Дзень Волі – сілавікі

11.03.2021 14:01
Беларускія дэмакратычныя сілы рыхтуюцца да святкавання Дня Волі. Улады імкнуцца ім перашкодзіць.
Аўдыё
  • Правакацыі на Дзень Волі рыхтуюць улады
Ілюстрацыйны здымак Image by James Paramecio from Pixabay/CC0

Гэта важны дзень для беларусаў, каб яго праігнараваць. У сваю чаргу ўлады баяцца любой вулічнай актыўнасці ды палохаюць грамадства правакацыямі ды дэстабілізацыяй. Насамрэч адзіная крыніца нестабільнасці ў Беларусі – гэта самі ўлады, кажуць актывісты.

Сёлета заяўку на на правядзенне Дня Волі падалі тры юрыдычныя асобы: руху «За свабоду», грамадская арганізацыя БНФ "Адраджэнне" і БСДП. Заяўка пададзеная, каб дазволіць беларусаў легальна ды мірна адзначыць гэтае свята, кажа старшыня Партыі БНФ Рыгор Костусёў.

- Для нас важна адзначыць гэты святы для беларусаў дзень. Дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі, якое адбылося ў 1918-м годзе. Гэты дзень мы адзначаем кожны год, прамінуць яго – злачынства.

Арганізатары паведамляюць, што 25 сакавіка яны хочуць зладзіць шэсце ды канцэрт. Месца і гадзіна пакуль не паведамляецца з-за абмежаванняў уладаў. Тлумачыць старшыня Руху “За Свабоду” Юры Губарэвіч.

- Мы не паведамляем публічна пра час і месца збору, бо гэта можа стаць фармальнай падставай для адмоўнага рашэння Мінгарвыканкаму. Наша мэта – выкарыстаць усе заканадаўчыя механізмы, каб даць  людзям магчымасць легальна і бяспечна сабрацца. Па фармаце сказаць можна, заканадаўства гэта не абмяжоўвае. Мы падалі на правядзенне мерапрыемства ў фармаце шэсця і таксама канцэрт.

У сваю чаргу ўлады заяўляюць, што 25 сакавіка апазіцыя рыхтуе правакацыі для дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне. Пра гэта распавёў у вечаровым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» кіраўнік КДБ Іван Церцель.

- Мы канстатуем, што цяпер за мяжой паўстаў шэраг падрыўных цэнтраў, палітэмігранты, яны знаходзяцца на ўтрыманні замежных спецслужб праз розныя фонды. Сёння яны кіруюць асноўныя сродкі на дэстабілізацыю сітуацыю ў краіне ў веснавы перыяд. Бліжэйшая дата – 25-27 сакавіка.

Арганізатары мерапрыемства перакананыя, што адзіны сапраўдны правакатар – гэта самі сілавікі.

- Адзіная небяспека можа сыходзіць ад так званых сілавых органаў Беларусі. Гэта беспадстаўнае збіццё ды затрыманні. Шмат разоў мы мелі магчымасць пераканацца, што калі людзі мірна збіраліся ды ішлі цэнтральнымі вуліцамі гарадоў, - ніводнай правакацыі ад дэманстрантаў не было.

Заяўнікі запатрабавалі ад КДБ тлумачэнняў, гаворыць Рыгор Костусёў.

- Мы звярнуліся да беларускага КДБ, каб ён нам давёў інфармацыю, хто плануе такія правакацыі. З нашага боку – арганізатараў – такой інфармацыі няма, мы такія дзеянні не плануем. Для нас галоўнае, каб святкаванне адбылося арганізавана, мірна і без гвалту.

Аглядальнік Аляксандр Класкоўскі перакананы, што ўлады баяцца вулічнай актыўнасці і таму запалохваюць людзей. Падобны падыход не раз выкарыстоўваўся лукашэнкаўскімі сілавікамі.

- 25 сакавіка, паколькі гэта асаблівая дата, будзе вулічная актыўнасць. Сілавікі да гэтага рыхтуюцца, адсюль запалохванні. Улады будуць імкнуцца выступы на 25 сакавіка паказальна жорстка здушыць, каб не даць развіцца гарачай вясне. У ваяўнічых заяў сілавікоў гучаць знаёмыя ноткі, нагнятаецца напружанасць. Насамрэч – гэта страшылкі. Словам сілавікоў няма веры, за імі стаіць вялікая адмоўная гісторыя ды хрэстаматыйныя прыклады. Гэта “дохлыя пацукі” колішняга кіраўніка КДБ, які палохаў імі беларусаў. Гэта 2017 год і справа “Белага легіёна”, калі таксама казалі пра тэрарыстаў ды арсеналы зброі, а потым справа развалілася.  

Дзень Волі традыцыйна святкуецца ў Беларусі 25 сакавіка ў памяць абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі – першай беларускай дзяржавы. Мінскія ўлады не далі пакуль дазвол на правядзенне шэсця і канцэрта з нагоды Дня Волі.

Юры Ліхтаровіч