Беларуская Служба

15 год за вылучэнне ў прэзідэнты

12.03.2021 15:45
Лукашэнка хоча адпомсціць сваім палітычным апанентам ды паказальна іх пакараць.
Аўдыё
  • Лукашэнка помсціць за свае страхі згубіць уладу
Bloger Siarhiej Cichanouski
Bloger Siarhiej Cichanouski Włodzimierz Pac, Polskie Radio

За намер балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах Сяргею Ціханоўскаму ды Мікалаю Статкеаіу пагражае 15 год зняволення. Апазіцыя заяўляе, што гэтыя людзі палітычныя вязні, яны будуць рэабілітаваныя, а асобы, якія фабрыкавалі супраць іх крымінальныя справы будуць прыцягнутыя да адказнасці.

Беларускі апазіцыйны блогер Сяргей Ціханоўскі, які летась спрабаваў пазмагацца за пасаду прэзідэнта, можа надоўга застацца за кратамі. Следчы камітэт прад'явіў яму ды старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» абвінавачванне ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальванні сацыяльнай варожасці, перашкодзе працу Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) і ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Агулам гэта 4 артыкулы Крымінальнага кодэкса, сумарна ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Насамрэч Ціханоўскага хочуць пасадзіць за ягоную перадвыбарную палітычную актыўнасць. Статкевіча арыштавалі за тое самае. Улады лічаць іх рэальнымі канкурэнтамі Лукашэнкі ды баяцца. Цяпер узурпатар рыхтуе рукамі следчых расправу над сваімі апанентамі. Пра гэта заявілі лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская.

Таксама апазіцыя заявіла, што не спыніць барацьбу за вызваленне ўсіх палітвязняў, іх рэабілітацыю ды прыцягнення да адказнасці ўсіх, хто браў удзел у расправе над палітыкамі. Гаворыць прэсавы сакратар Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.

- Відавочна адно, што Лукашэнка вельмі баіцца Сяргея Ціханоўскага. Усе дзеянні рэжыму паказваюць, што Лукашэнка жудасна баіцца Ціханоўскага. Ён прыпісаў яму артыкулы па злачынствах, якія ён сам здзейсніў. Ціханоўскага абвінавачваюць, што ён паспрабаваў захапіць уладу праз перамогу на выбарах. Па сутнасці, Ціханоўскага абвінавачваюць у змене ўлады праз выбары. Хаця гэта запісана ў Канстытуцыі. Рэжым баіцца, яны паспешліва шыюць яму справу, баючыся 25 сакавіка ды далейшых пратэстаў. Яны разумеюць, што народ абураны, не збіраецца далей цярпець гэтае лукашэнкаўскае людаедства, калі знішчаюць людзей. Таму яны імкнуцца запалохаць, у іх іншых сродкаў не засталося. Яны разумеюць, што іх ненавідзяць 80%. Таму яны толькі палохаюць, каб страхам змусіць людзей маўчаць. Нічога пазітыўнага яны прапанаваць не могуць, крызіс вырашыць не могуць. Запэўніць людзям бяспеку яны не могуць, нічога не могуць.

Гэтая расправа ладзіцца Лукашэнкам, каб утрымацца ля ўлады. Без гвалту ды рэпрэсій ён кіраваць не можа, кажа палітолаг Андрэй Ляховіч.

- Лукашэнка баіцца за сваю ўладу. Для яго гвалт і беззаконне пераўтварыліся ў асноўны інструмент утрымання ўлады. Іншых інструментаў у яго не засталося. Рэпрэсіі будуць доўжыцца ўвесь год.

Таксама гэта робіцца, каб запалохаць грамадства перад вясной. Улады баяцца веснавых пратэстаў, тым больш, што пад ціскам з Масквы, яны вымушаныя праводзіць у краіне транзіт улады. Гаворыць аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

- Рэпрэсіі беспрэцэдэнтныя. Даюць па 3-4 гады за тое, што раней давалі штраф ці 15 сутак. Рэжым узняў цану за палітычную актыўнасць. Але змены будуць у краіне. Працэс запушчаны, Масква падціскае са свайго боку. Разам з тым Лукашэнка вялікі кансерватар і ў хісткай сітуацыі ў краіне, ён не пойдзе на эксперыменты, будзе спрабаваць так сысці з улады, каб застацца.

Блогеру Сяргею Ціханоўскаму ды палітыку Міколу Статкевічу прад'явілі канчатковае абвінавачанне. Па версіі следства, Ціханоўскі "адкрыта заклікаў да гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў". Апазіцыйны блогер ды палітык прызнаныя палітычнымі вязнямі.

Юры Ліхтаровіч