Беларуская Служба

Брытанскі дэпутат: НАТА павінна ўвесці санкцыі супраць Германіі ў сувязі з будаўніцтвам Nord Stream 2

16.03.2021 12:27
Германія займаецца інвестыцыямі, якія аслабляюць бяспеку іншых членаў НАТА, лічыць Даніэл Каўчынскі.
Nord Stream 2
Nord Stream 2By Bair175 - Own work, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=25732789

Краіны НАТА павінны ўвесці санкцыі супраць Германіі ў сувязі з будаўніцтвам Nord Stream 2, а лепшым спосабам спыніць будаўніцтва трубы з’яўляецца ўзняцце экалагічных праблем, лічыць брытанскі дэпутат польскага паходжання Даніэл Каўчынскі, паведамляе сайт energetyka24.com.

На мінулым тыдні па ініцыятыве дэпутата ад кіруючай Кансерватыўнай партыі ў Палаце абшчын (ніжэйшай палаце брытанскага парламента) адбыліся дэбаты на тэму Nord Stream 2. Падчас іх Каўчынскі прадставіў шэраг аргументаў, паводле якіх, Вялікабрытанія павінна заангажавацца ў спыненне будаўніцтва газаправода з Расіі ў Германію.

„Мы павінны разглядаць НАТА, як вельмі эксклюзіўны клуб для джэнтльменаў, дзе сяброўства азначае не толькі прывілеі, але і абавязкі. Члены НАТА абавязаны не толькі абараняць іншых у выпадку ўзброенага нападу з боку Расіі, але і не дазволіць на тое, каб яго члены былі шантажаваныя Расіяй”, - сказаў Каўчынскі.

Між тым, паводле яго, адзін з членаў НАТА - Германія, не выконвае гэтых абавязацельстваў, бо займаецца інвестыцыямі, якія аслабляюць бяспеку іншых членаў альянсу.

„Nord Stream 2, які наўмысна абыходзіць членаў НАТА, з'яўляецца вар'яцтвам з пункту гледжання бяспекі, і кожная краіна, якая ўдзельнічае ў гэтым праекце, павінна падвяргацца санкцыям. Я думаю, што НАТА павінна нейкім чынам папярэдзіць Германію ў сувязі з Nord Stream 2”, -  мяркуе брытанскі дэпутат.

Ён падкрэслівае, што папярэджанне ўласнага члена ці санкцыі не з’яўляюцца нечым незвычайным. Дастаткова ўспомніць, колькі разоў Еўрапейскі Саюз прадпрымаў дзеянні супраць Польшчы.

Каўчынскі сцвярджае, што члены НАТА з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы асабліва заслугоўваюць абароны ад ціску з боку Расіі, таму што яны выконваюць свае абавязацельствы, якія вынікаюць з членства, і прымаюць вельмі канкрэтныя меры для зніжэння энергетычнай залежнасці ад Расіі. Пры гэтай нагодзе брытанскі дэпутат нагадаў пра ініцыятыву „Рэгіён трох мораў”, паведамляе сайт energetyka24.com.

аз