Беларуская Служба

Лукашэнка ладзіць правакацыі супраць палякаў у Беларусі

16.03.2021 16:11
Набірае абароты дыпламатычная вайна паміж Польшчу ды Беларуссю. Адбываецца ўзаемнае выдаленне дыпламатаў. 
Аўдыё
  • Лукашэнка помсціць Польшчы за непрызнанне выбараў
Здымак мае ілюстрацыйны характарhttps://president.gov.by/

На днях лукашэнкаўская пракуратура завяла крымінальную справу на грамадскую арганізацыю «Польская школа» за распальванне расавай, нацыянальнай ды рэлігійнай варожасці. Што стаіць за гэтым абвастрэннем, мы запыталіся ў экспертаў. Магчыма гэта помста Лукашэнкі Польшчы за непрызнанне сфальсіфікаваных выбараў.

Пасля леташніх выбараў, якія Лукашэнка сфальсіфікаваў ды ўзурпаваў уладу, ён абвінаваціў у сваёй паразе суседзяў. Маўляў пратэсты ў Беларусі былі выкліканыя не рэакцыяй на ягоныя незаконныя дзеянні, а інспіраваныя звонку, у тым ліку з Літвы ды Польшчы. Пасля гэтага беларускія ўлады скарацілі колькасць польскіх дыпламатаў, якія працавалі ў Беларусі. У гэтым годдзе пагаршэнне адносін працягваецца. На пачатку сакавіка МЗС Беларусі выдаліў з краіны яшчэ аднаго польскага дыпламата – консула ў Брэсце. Нагодай беларускі бок палічыў удзел консула ў мерапрыемстве ў памяць «выклятых жаўнераў», якое зладілі ў гэтым горадзе актывісты грамадскіх ініцыятыў палякаў, што жывуць у Беларусі. У адказ Польшча прызнала persona non grata аднаго з беларускіх дыпламатаў.

Пазней беларуская пракуратура затрымала аднаго з заснавальнікаў «Польскай школы» - ініцыятывы, што ладзіла дзень памяці. Арганізацыю абвінавацілі ў правядзенні незаконнага масавага мерапрыемства з удзелам непаўналетніх, і ў распальванні нацыянальнай варожасці. Паводле пракуратуру, падставай сталі песні ды вершы «на славу ваенных злачынцаў, у тым ліку Рамуальда Райса, на мянушку Буры».

Дадзеная справа і пераслед палякаў мае палітычныя карані, перакананы палітолаг Павал Усаў.

- Аўтарытарная Беларусь вярнулася да часоў Халоднай вайны ў адносінах з Захадам. Польшча сталася адной з першых ахвяр гэтай вайны. Лукашэнка будзе для сваёй прапаганды выкарыстоўваць любыя метады, фабрыкаваць любыя справы, шукаць антыдзяржаўнай дзейнасці там, дзе яе блізка не было. Усё гэта палітычна матываванае.

Як далёка можа зайсці супрацьстаянне Лукашэнкі з Польшчай?

- Гэта можа скончыцца цалкам дыпламатычным разладам адносін, можа дайсці да замаразкі дыпламатычных адносін і адклікання амбасадараў. Лукашэнка цяпер ідзе на абвастрэнне адносін з усімі краінамі Захаду, каб застацца ля ўлады. Толькі эканамічныя прычыны стрымліваюць яго ад поўнага разрыву стасункаў.

Ці Польшча гатова на такое пагаршэнне адносін? Што можа супрацьпаставіць Лукашэнку Варшава, які бярэ ў закладнікі палякаў, што жывуць у Беларусі? Пра гэта мы запыталіся ў палітолага з Лодзінскага ўніверсітэту Пшэмыслава Жураўскага-вэль-Граеўскага.

- Я бачу ў гэтым спробу ўздзейнічаць на Расію, каб паказаць, што Лукашэнку патрэбна расійская дапамогу інакш польскія ўплывы выштурхнуць расійскія. Гэта лагічна, гледзячы на месца Беларусі ў вайсковых ды імперскіх планах Расіі. З 2009 года падчас манеўраў «Захад» беларускія ды расійскія войскі праводзілі вучэнні па падаўленні польскага паўстання на Гарадзеншчыне. Насамрэч гэта нерэальны сцэнар. Навошта тады ладзіліся вучэнні? Каб мець працэдуры для вайсковай ды прапагандысцкай аперацыі па пераўтварэнні Польшчы ў ворага. Расіяне ня раз так рабілі, дастаткова згадаць створанае спецслужбамі Расіі ўражання паўстання мясцовых жыхароў у Прыднястроўі, Абхазіі, Асетыі ды Данбасе. Могуць і тут такое стварыць. Што за праблема ў тым, каб батальён спецназу пераапрануўся ў польскіх паўстанцаў ды крыху пастраляў, каб стварыць патрэбу расійскага ўмяшальніцтва. Што да Лукашэнкі, ён будзе гэты канфлікт далей накручваць. Польшча будзе гаварыць пра гэта на міжнароднай арэне, будзе дамагацца санкцый. Наіўна лічыць, што правы палякаў у Беларусі будуць паважацца больш чым беларусаў. Гэтая справа вырашыцца сама з усталяваннем у Беларусі прававой дзяржавы для ўсіх грамадзян. Польшча будзе імкнуцца мінімізаваць наступствы рэпрэсій даступнымі для нас дыпламатычнымі сродкамі. Эканамічна мы будзем павышаць палітычныя ды эканамічныя кошты для рэжыму Лукашэнкі ў выпадку далейшага ўтрымання рэпрэсій.

Беларускія ўлады пасля прайграных ды сфальсіфікаваных выбараў спісвае свае паразы на прыдуманых вонкавых ворагаў. Таксама гэта робіцца, каб захаваць расійскую падтрымку. Для захавання сваёй улады Лукашэнка гатовы на любыя маніпуляцыі, правакацыі ды рэпрэсіі.

Юры Ліхтаровіч