Беларуская Служба

Берлін выступае супраць будаўніцтва АЭС у Польшчы

23.03.2021 15:19
У адказ Варшава пастараецца заблакаваць пастаўкі газу праз «Паўночны паток 2».
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.Shutterstock

Калі Германія сапраўды паспрабуе заблакаваць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Польшчы, то ў такім выпадку Польшча прыкладзе намаганні для стварэння следчага камітэта Еўрапейскага парламента, які можа прывесці да спынення паставак газу па «Паўночным патоку 2», піша галоўны рэдактар парталу BiznesAlert.pl Войцех Якубік.

Немцы выступілі з ініцыятывай па дэнуклеарызацыі Еўропы. Яны хочуць, каб АЭС былі спыненыя не толькі ў іх (Германія запланавала гэта зрабіць да канца 2022 года), але ва ўсім Еўрапейскім Звязе. Берлін выступае супраць фінансавання атамных праектаў з фондаў ЕЗ і дзяржаўных механізмаў падтрымкі краін-чальцоў еўрасупольнасці. Такім чынам, немцы выступаюць супраць плану Польшчы адносна АЭС, якая плануе напалову фінансаваць атамную энергетыку з дзяржбюджэту, што можна будзе палічыць формай дзяржаўнай дапамогі.

У дыскусіі на гэтую тэму прагучаў аргумент, што Германія можа скарыстацца прынцыпам салідарнасці, узнятым на прававы ўзровень Судом Еўрапейскага Звязу ў спрэчцы вакол газаправода OPAL, то бок часткі «Паўночнага патоку» ў Германіі. «Газпром» хацеў перапампаваць больш газу праз гэты газаправод, і Еўрапейская камісія дазволіла гэта зрабіць. Аднак гэтае рашэнне было аспрэчанае ў судзе палякамі, а пазней - Судом ЕЗ на падставе прынцыпу салідарнасці, у якім гаворыцца, што ні адно рашэнне Еўракамісіі не можа закрануць інтарэсы асобных дзяржаў-членаў. Адсюль выснова, што немцы могуць выкарыстаць прынцып салідарнасці для спынення польскай праграмы атамнай энергетыкі, бо АЭС у Польшчы, на іх думку, парушае нямецкія інтарэсы.

яс