Беларуская Служба

Польскія СМІ пішуць, што партыя Бабарыкі можа знішчыць рэвалюцыйны рух

30.03.2021 12:25
Акрамя таго, партыя стане моцным ударам у штаб Святланы Ціханоўскай.
Віктар Бабарыкафота: Афіцыйны канал Віктара Бабарыкі ў Тэлеграме

Rzeczpospolita закранае тэматыку беларускай палітыкі. Аўтар піша пра новую палітычную партыю «Разам», якую стварае Віктар Бабарыка, а хутчэй ягоныя паплечнікі, у той час, калі ён сам знаходзіцца ў турме. На думку палітолага Паўла Усава, такі рух вядзе да знішчэння рэвалюцыі. Акрамя таго, партыя стане моцным ударам у штаб Святланы Ціханоўскай, яна страціла б частку сваёй папулярнасці ў карысць Бабарыкі.

Не ўсім дэмакратычным дзеячам падабаюцца ініцыятывы Ціханоўскай, напрыклад, галасаванне на платформе «Голас» за перамовы з уладамі. Вялікія надзеі ўскладаліся на масавыя пратэсты, якія планавалі на Дзень волі 25 сакавіка, але масавасці не было, толькі затрыманні некалькіх сотняў смельчакоў. Гэта і не дзіўна, калі за пратэст можна атрымаць некалькі гадоў зняволення, – кажа аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. Аднак ініцыятыва Бабарыкі можа выклікаць толькі новыя сваркі ў дэмакратычным асяроддзі.

За межамі Беларусі, акрамя штабу Ціханоўскай у Вільні, з восені ў Варшаве дзейнічае Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ), з былым дыпламатам і міністрам Паўлам Латушкам на чале. Беларусы ў Варшаве кажуць пра супрацу з Вільняй, але рэчаіснасць іншая. «У нас халодныя адносіны, і калі б канфлікт нарастаў, дыктатар мог бы святкаваць перамогу», – сказаў выданню адзін з важнейшых прадстаўнікоў аднаго з гэтых цэнтраў.

нг