Ён цяпер залежыць цалкам ад Крамля, які будзе пазбаўляць яго інструментаў уладу, у першую чаргу эканамічных.
У чацвер Лукашэнка сустрэўся з Пуціным. Афіцыйна дагэтуль няма ніякай інфармацыі пра вынікі перамоў. З таго, што паказала расійскае тэлебачанне, можна канстатаваць, што ў Маскве Лукашэнку змусілі падтрымаць пазіцыю Крамля па ўкраінскім пытанні ды паабяцаць прыцяць восенню рашэнні па паглыбленні інтэграцыі паміж Беларуссю ды Расіяй. Гэта вельмі небяспечная для незалежнасці Беларусі сітуацыя.
Аслаблены леташняй паразай на выбарах ды вымушанай узурпацыяй улады Лукашэнка вымушаны шукаць дапамогі ў Расіі, за гэта Крэмль змушае яго разлічвацца суверэнітэтам краіны. Масква рэалізуе паглынанне Беларусі паэтапна, пачынаючы з эканомікі, распавёў падчас iSANS Talks кіраўнік Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі.
- Гаворка вядзецца пра стратэгічныя саступкі, у першую чаргу, звязаныя з паглыбленнем эканамічнай інтэграцыі паміж Расіяй ды Беларуссю. Беларускае кіраўніцтва гатова на гэта пайсці за зніжкі на расійскія энерганосьбіты, за кампенсацыю да скасаванне бар'ераў на шляху беларускай сельскагаспадарчай і прамысловай прадукцыі на расійскі рынак. Расійскі бок абумоўлівае вырашэнне гэтых пытанняў пераходам на расійскае падатковае заканадаўства. Аднак па гэтым пытанні сёння няма кансэнсусу. Гэта небяспечны сцэнар для Беларусі. Калі краіна пяройдзе на расійскую падатковую сістэму, будуць вялікія страты для бюджэту. Расія гэтыя страты не пакрые, а будзе прасоўваць наступны этап эканамічнай інтэграцыі – увядзення адзінай валюты. Раней Лукашэнка супраціўляўся гэтаму сцэнару, цяпер жа ён вельмі слабы і Крэмль зможа дамагчыся саступак.
Услед за эканамічнай інтэграцыяй пойдзе палітычная ды вайсковая прывязка Беларусі: вайсковыя базы ды наднацыянальныя органы, перакананы палітолаг Андрэй Ляховіч.
- Калі Лукашэнка пагодзіцца на ўніфікацыю падатковых сістэм – гэта будзе крок па абмежаванні суверэнітэту. Пасля гэтага Расія высуне наступныя прапановы па «рэальнай інтэграцыі». Ідзецца пра аб'яднанне грашовых сістэм, стварэнне наднацыянальных структур Саюза Беларусі ды Расіі, як і пашырэнне расійскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі. Цяпер саступкі з боку Лукашэнкі будуць мець комплексны характар. Калі Лукашэнка пагодзіцца на адно, аўтаматычна Расія атрымае больш магчымасцяў прасоўваць свае інтарэсы ў іншых абшарах, каб надзейна прывязаць Беларусь да сябе. Магчыма, праўда, што цяперашняя інтэграцыя як і раней не да чаго не прывядзе, гэта проста інерцыя.
Цяпер можа быць інакш. Чаму? Варта звярнуць увагу на тое, што фонам для цяперашніх дамоўленасцяў Лукашэнкі ды Пуціна стала выкрыццё прыдуманага беларускімі ды расійскім спецслужбамі «вайсковага перавароту» у Беларусі. Для Лукашэнкі – гэта карт-бланш на далейшыя рэпрэсіі, а для Расіі – адказ Захаду на абвінавачанні ў парушэннях міжнароднага права, сказаў палітычны аглядальнік Радыё Свабода Юры Дракахруст.
- „Пераварот" - гэта класіка правакацыі спецслужбаў. Навошта ён патрэбны быў? Бонусы тут усе атрымалі. Лукашэнка атрымаў карт-бланш на любыя рэпрэсіі. Замах на кіраўніка дзяржавы дазваляе рабіць што заўгодна. Паколькі ў гэта ўплецена тэма «заходняй рукі», людзям скажуць, што праблемы іх з-за заходніх санкцый. Для Расіі больш бонусаў. Гэта дыялог, які вядзе Пуцін з Байдэнам. Вы мяне называеце забойцам, а самі тады хто?
Паглынанне Беларусі Расіяй вельмі непакоіць Украіну, распавяла дырэктарка па даследаваннях міжнароднай бяспекі Еўрапейскай экспертнай асацыяцыі, эксперт iSANS Марыя Аўдзеева.
- З Украіны сочаць за гэтымі падзеямі з вялікім занепакаеннем. Уся гэтая сітуацыя, асабліва супрацоўніцтва спецслужбаў Беларусі ды Расіі стварае пагрозу для Украіны ды ўзмацняе яе. Тым больш, што мы бачым, што аперацыя планавалася даўно, для яе правядзення выбраны адпаведны момант. Гэта адказ на ўзмацненне санкцый ЗША, гэта і нагода для Пуціна для звароту да расіян. Расія працягвае палітыку запалохвання Еўропу ды ЗША, а таксама дэманструе для свайго насельніцтва рост заходняй пагрозы, што дазваляе правязаць Беларусь да сябе ў змаганні з калектыўным Захадам.
Візіт Лукашэнкі ў Расію прывёў да таго, што Крэмль змусіў беларускага ўзурпатара адмовіцца ад нейтралітэту ў расійска-украінскім канфлікце, што Лукашэнку выкарыстаў у 2014-м годзе, каб палепшыць адносіны з Захадам. Цяпер пасля заяў пра пераварот, што рыхтавалі амерыканцы лукашэнкаўскі рэжым паліць масты ў адносінах з ЗША. Лукашэнка не можа больш балансаваць паміж Усходам ды Захадам, ён прывязаны і залежыць выключна ад Крамля. Далей Расія будзе забіраць у яго эканамічныя асновы яго рэжыму. Такая цана для Лукашэнкі за расійскую падтрымку яго «прэзідэнцтва».
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч