Беларуская Служба

Хлуснёй пра генацыд і Армію Краёвую Лукашэнка наносіць удар па Польшчы

19.05.2021 08:34
Актывісты СПБ асцерагаюцца, што зараз беларускі дыктатар можа ўзяцца за нешматлікіх ветэранаў Арміі Краёвай у Беларусі.
Aleksander Łukaszenka
Aleksander Łukaszenkashutterstock.com/Drop of Light

Мінск абвінавачвае Армію Краёвую ў масавых забойствах беларусаў. Пасля прадстаўнікоў польскай меншасці дыктатар узяўся за ветэранаў, перасцерагае Руслан Шошын у выданні Rzeczpospolita.

Генпракурор Беларусі Андрэй Швед прадставіў першыя вынікі расследавання крымінальнай справы аб „генацыдзе беларускай нацыі”, якое працягвалася з пачатку красавіка. Ён паведаміў таксама пра сотні невядомых раней месцаў „масавых забойстваў” беларусаў і назваў вінаватых.

„У нас ёсць інфармацыя пра яшчэ жывых нацысцкіх злачынцаў, якія ўдзельнічалі ў дзейнасці штрафных батальёнаў, у прыватнасці ў літоўскіх батальёнах СС і Арміі Краёвай”, - заявіў Швед, якога цытуе ўрадавае агенцтва Белта. Ён абвясціў, што праваахоўныя органы павінны правесці „следчыя дзеянні” ў дачыненні да ветэранаў Арміі Краёвай, і што Мінск накіруе адпаведны запыт па гэтым пытанні да ўладаў у Варшаве. Акрамя таго, ён заявіў, што неўзабаве Генпракуратура прадставіць „міжнароднаму суду” адпаведныя доказы і пачне міжнародную працэдуру па „прызнанні генацыду беларускага народа”.

Швед распавёў таксама пра эксгумацыю ў нядаўна выяўленым месцы масавых забойстваў каля Лагойска ў Мінскай вобласці. Агенцтва нават апублікавала фатаграфіі знойдзеных там астанкаў. У той жа заяве генпракурор Беларускі абвінаваціў Армію Краёвую ў генацыдзе і назваў яе  нацысцкай арганізацыяй.

„Эксгумацыя каля Лагойска датычыла жыхароў габрэйскага паходжання, расстраляных там немцамі ў 1941 годзе. Спалучэнне розных, не звязаных паміж сабой гістарычных падзей, перш за ўсё, кампраметуе як урадавыя СМІ, так і беларускіх чыноўнікаў”, - кажа ў размове з газетай Rzeczpospolita вядомы беларускі гісторык Ігар Мельнікаў.

„Армія Краёвая падпарадкоўвалася польскаму ўраду ў выгнанні, уваходзіла ў антынацысцкую кааліцыю. Іх можна абвінаваціць у нацыяналізме і ў тым, што яны змагаліся за Польшчу ў межах да верасня 1939 года, але гэта ні ў якім разе не было нацысцкае ці фашысцкае ваеннае фарміраванне”, - дадае гісторык.

„Мы маем справу з чарговым этапам дэзынфармацыйнай вайны, якую вядзе рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Абвінавачанні ў адрас Арміі Краёвай скандальныя. Мы не пагаджаемся на дзеянні, накіраваныя супраць польскай меншасці ў Беларусі”, - заявіў у размове з газетай кіраўнік Канцылярыі прэм'ера Міхал Дворчык.

Актывісты Саюза палякаў Беларусі асцерагаюцца, што зараз беларускі дыктатар можа ўзяцца за нешматлікіх ужо ветэранаў Арміі Краёвай, якія пражываюць у Беларусі.

аз