Беларуская Служба

Свет рэагуе на прымусовую пасадку самалёта ў Мінску

24.05.2021 16:33
«Гэта дзяржаўны тэрарызм», «авіяпірацтва спалучанае з выкраданнем», «хопіць дыпламатычных слоў» – гэта толькі некаторыя рэакцыі, якія можна было пачуць пасля прымусовай пасадкі лайнера авіякампаніі Ryanair у Мінску.
Аўдыё
  • Рэакцыі на падзеі з лайнерам у Мінску
  Ryanair
Самалёт авіякампаніі RyanairEPA/STRINGER

Беспрэцэдэнтнае здарэнне, якое з’яўляецца актам самаволі беларускага рэжыму, сустрэлася з катэгарычным супрацівам міжнароднай супольнасці. Ці толькі на словах усё скончыцца? Беларуская апазіцыя спадзяецца, што не, і што гэтая падзея прымусіць свет адрэагаваць больш катэгарычна.

На момант падрыхтоўкі матэрыялу пракуратуры Польшчы і Літвы распачалі расследаванне па справе захопу самалёта і пазбаўлення пасажыраў свабоды. Еўразвяз таксама заявіў, што пачне міжнароднае следства ў сувязі з гэтым інцыдэнтам. «Беларускія ўлады пагражалі бяспецы пасажыраў і экіпажа. Неабходна правесці міжнароднае расследаванне згаданага інцыдэнту, каб вызначыць, ці былі парушаныя прынцыпы працы грамадзянскай авіяцыі. Гэтае пытанне будзе ўзнятае на пасяджэнні Еўрапейскага савета. ЕС разгледзіць наступствы гэтага дзеяння, уключаючы прыняцце мер супраць адказных за інцыдэнт асоб», – напісаў кіраўнік дыпламатыі Еўразвязу Жазэп Барэль.

Кіраўнікі ўрадаў і замежных ведамстваў ЕЗ выказваліся ўчора па сітуацыі праз сацсеткі. Сярод іх - і прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, які заявіў, што здарэнне было актам тэрарызму. Пасажыраў, якія пасля шасці гадзін затрымкі ў Мінску прыляцелі ў Вільню, сустрэла прэм’ер-міністр краіны Інгрыда Шыманіце. Пра сітуацыю выказаліся і еўрапейскія лідары Урсула фон дэр Ляен і Дональд Туск. Намеснік польскага прэм’ер-міністра Міхал Дворчык сказаў, што

-Калі гэтыя факты будуць пацверджаныя, то не існуе іншай магчымасці, як прыняць станоўчыя рашэнні не толькі Польшчай, але ўсім Еўразвязам. Нельга спакойна адносіцца да такіх фактаў, бо яны толькі падштурхоўваюць аўтарытарныя ўлады да далейшых незаконных дзеянняў.

Дадаткова польская авіякампанія LOT плануе прыняць рашэнне пра далейшую супрацу з “Белавіяй”. Палёты з Варшавы ў Мінск адбываюцца штодзённа, дадаткова праз Беларусь лятаюць самалёты ў Маскву. На момант падрыхтоўкі матэрыялу вядома, што сённяшні палёт у сталіцу Расіі адбыўся ў штатным рэжыме. Пра палёт у Мінск рашэнне прынятае не было. Незалежна ад таго, ці польская авіякампанія паляціць у Мінск, ці не, заўтра сітуацыя можа выглядаць зусім інакш. Абыход тэрыторыі Беларусі можа стаць элементам санкцый пасля ўчорашніх падзей. Лайнер, на якім ляцеў Раман Пратасевіч, зарэгістраваны ў Польшчы. У сувязі з напружанай сітуацыяй ад палётаў над Беларуссю могуць адмовіцца іншыя краіны ЕЗ.

Пра сітуацыю выказаўся і кіраўнік авіякампаніі Ryanair Майкл О’Ліры. Падзеі ўчорашняга дня назваў «выкраданнем, спансараваным дзяржавай», а таксама заявіў, што кампанія можа спыніць палёты над тэрыторыяй Беларусі.

-Думаю, што гэта першы выпадак, калі нешта падобнае здарылася з еўрапейскай кампаніяй. Мы кажам пра спансараванае дзяржавай выкраданне, спансараванае дзяржавай пірацтва. На жаль, я не магу сказаць больш падрабязна пра сітуацыю, бо гэтым займаецца ЕЗ і НАТА. Мы размаўляем з экіпажам самалёта, які зрабіў добрую працу, бо ім удалося даставіць амаль усіх пасажыраў да мэтавай кропкі. Але гэтую справу трэба расследаваць з уладамі ЕЗ і НАТА. Думаю, што гэта быў цяжкі момант для экіпажа, для пасажыраў, якіх абшукалі, забралі іх рэчы. Гэта ясна, што мэтай беларускіх уладаў быў захоп апазіцыйнага журналіста. Нам вядома таксама, што на борце былі агенты КДБ. Мы, як і, думаю, іншыя еўрапейскія авіякампаніі, чакаем рашэння кіраўніцтва ЕЗ і НАТА і спынім палёты над Беларуссю. Іх не так шмат, таму змяніць маршрут і лётаць над, напрыклад, Польшчай, будзе няцяжка. Пакуль што мы чакаем рашэння еўрапейскіх уладаў.

Падобнай думкай з Польскім радыё падзяліўся адмысловец па справах дзяржаўнай бяспекі, прафесар Даніель Бацькоўскі з Беластоцкага ўніверсітэта. Ён кажа, што захоп самалёту можа стаць небяспечным прэцэдэнтам у гісторыі Еўропы і ўсёй авіяцыі.

-У Еўропе выкраданне пасажырскага самалёту для таго, каб затрымаць чалавека, які паводле Лукашэнкі з’яўляецца ворагам, яшчэ не было. Склалася небяспечная сітуацыя, бо калі любая дзяржава насільна прымушае лайнер здзейсніць пасадку і ўводзіць службы на борт, выводзіць адтуль пасажыра, трэба пачаць задумацца над бяспекай палётаў. Калі мы дазволім захапіць рэйсавы самалёт і з выкарыстаннем знішчальнікаў прымусіць яго прызямліцца, то не будзе перашкод для таго, каб наступнай аперацыяй беларускіх службаў было прамое выкраданне людзей з тэрыторыі ЕЗ. Прычым з мэтай запалохвання ўласнага грамадства.

На днях можна спадзявацца новых рашэнняў і санкцый. На час падрыхтоўкі матэрыялу праходзіў саміт Еўрапейскага савета, на якім пытанне Беларусі і далейшых санкцый было адной з галоўных тэмаў. Сёння праходзяць таксама акцыі падтрымкі беларускага грамадства і, у першую чаргу, Рамана Пратасевіча, які быў прызнаны палітвязням.

Альберт Ежы Вяжбіцкі