Беларуская Служба

Польскія выданні пра Беларусь: «Гэта ўжо нудна. Лукашэнка пагражае Захаду адным і тым жа»

27.05.2021 14:21
Навіна ў тым, што ў канцы канцоў увесь ЕС страціў цярпенне.
.
А. Лукашэнка выступае перад парламентарыяміфота: PAP/EPA/MAXIM GUCHEK / POOL

Эмацыйныя выступленні Аляксандра Лукашэнкі ды яго паплечнікаў працягваліся ў сераду амаль чатыры гадзіны – піша Rzeczpospolita. Ён не прызнаўся ва ўгоне самалёта з Пратасевічам на борце, абвінаваціў Захад у гібрыднай вайне супраць Беларусі. І прыгразіў, што ў адказ на санкцыі Беларусь перастане стрымліваць кантрабанду наркотыкаў на тэрыторыю ЕС і нелегальных мігрантаў.

«Гэта ўжо нудна. Лукашэнка пагражае Захаду ўжо 15 гадоў адным і тым жа», – каментуе ў выданні Анджэй Ламаноўскі. У адносінах Польшчы традыцыйны аргумент – таксама рэпрэсіі супраць палякаў у Беларусі. Ён да іх ставіцца як бандыт да закладнікаў. У прынцыпе, акрамя ўсё больш зняважлівых эпітэтаў у адрас Польшчы, нічога новага не прагучала. Аднак новая сітуацыя, калі ўвесь ЕС страціў цярпенне. У канцы канцоў ёсць магчымасць адэкватна адказаць Лукашэнку, калі б ён захацеў выканаць свае пагрозы. Скажам, Польшча магла б цалкам закрыць сваю паветраную прастору для самалётаў, якія ляцяць з тэрыторыі Беларусі, тады прыйшлося б ляцець навакольным шляхам таксама самалётам з Расіі.

Лукашэнка, як звычайна, згадвае пра пагрозу з Захаду, калі едзе ў Расію прасіць чарговыя мільённыя крэдыты, – падсумоўвае каментатар.

Выданне прыводзіць таксама выказванне ветэрана беларускай апазіцыі Аляксандра Мілінкевіча. Ён гаворыць, што ў краіне цяпер кіруюць сілавікі, якія ўмеюць страляць і ўвесці атмасферу татальнага страху. Беларусь павінна прайсці праз усе свае колы пекла. Аднак ніводная ахвяра не будзе дарэмнай. Дзякуючы падзеям апошняга году беларусы зразумелі, як на самой справе ставіцца да іх Пуцін. Гэта ўжо прагрэс. Народ яшчэ павінен правесці дэсталінізацыю, каб людзям перастала падабацца ўлада кулака.

 

Dziennik Gazeta Prawna таксама піша пра Беларусь. Еўрапейскі Саюз, верагодней за ўсё, прыме чацвёрты пакет санкцый 21 чэрвеня. Прымусовая пасадка пасажырскага самалёта, каб арыштаваць Рамана Пратасевіча, схіліла палітыкаў ЕС да большай рашучасці. На гэты раз санкцыі могуць балюча ўдарыць па беларускіх уладах. У чорны спіс могуць трапіць важнейшыя прадпрыемствы, якія ў выніку страцілі б магчымасць гандлю з Захадам. Гаворка можа ісці нават пра канкрэтныя галіны.

У панядзелак лідары краін ЕС выдалі рэкамендацыю, каб сталіцы не прымалі самалётаў Белавіі і каб яны абмежавалі палёты машын сваіх авіякампаній над Беларуссю. Учора рэйс Белавіі ў Варшаву прайшоў згодна з планам, але на тэрыторыю Польшчы не змог уляцець самалёт у Барсэлону, паколькі ўлады Францыі заявілі, што яго не прапусцяць. Машына вярнулася ў Мінск. Новыя трасы цяпер распрацоўваюцца. Магчыма, Польшча яшчэ можа падзарабіць, паколькі кожная дадатковая машына на польскім небе – гэта некалькі соцень еўра даходу.

У сваю чаргу Беларусь на гэтым страціць. Дагэтуль над краінай за год пралятала каля 900 тыс. самалётаў. Дзякуючы гэтаму дзяржаўны бюджэт папаўняўся некалькімі дзясяткамі мільёнаў долараў.

нг