Беларуская Служба

Беларускія галадоўнікі ў Варшаве: Іншага выйсця няма

28.05.2021 17:28
Яны патрабуюць увесці моцныя эканамічныя санкцыя, якія б прымусілі Лукашэнку сысці. 
Аўдыё
, 27.05.2021.
Варшава, 27.05.2021. ГаладоўнікіЛ.Вялічка/radyjo.net

Дзве маладыя беларускі – Стася і Бажэна – распачалі галадоўку перад сядзібай ЕС у Варшаве. Вельмі хутка да іх далучыліся яшчэ тры чалавекі. Галадоўнікі патрабуюць увесці моцныя эканамічныя санкцыя, якія б прымусілі Лукашэнку сысці. 

Стася Гліннік кажа, што пасля затрымання Рамана Пратасевіча яна зразумела: тых захадаў, якія яны робяць, недастаткова, што яны не заўважаюцца. Трэба было зрабіць нешта, што да праблемы Беларусі прыцягне значна большую ўвагу, прычым не на адзін дзень, а да моманту, калі рэжым упадзе.

-Выходзячы з практыкі мы разумелі, што зацікаўленне неўзабаве спадзе. Як толькі Беларусь знікне з навін, размовы пра санкцыі зноў прыпыняць. Мы хочам захаваць градус навін пра Беларусь, таму мы выбралі форму галадоўкі, паколькі яна прыцягвае ўвагу. За апошнія два дні мы пабачылі столькі журналістаў, колькі не бачылі за год. Мы дабіваемся эканамічных санкцый супраць Беларусі. Ужо паявілася інфармацыя, што хутчэй за ўсё будуць санкцыі супраць «Беларускалія», але мы хочам большага.

Таксама мы б хацелі прызнання рэжыму тэрарыстычным. Акрамя таго, Еўракамісія магла б выступіць з падтрымкай прапановы аб выключэнні Беларусі з Інтэрполу, прызнаць міжнароднымі злачынцамі тых, хто прымаў удзел у рэпрэсіях у Беларусі. Таксама мы вярнуліся да ідэі адключэння Беларусі ад SWIFT.

Стася Гліннік падкрэслівае, што, каб санкцыі спрацавалі, іх трэба ўводзіць маштабна, раптоўна і востра. Расцягванне санкцый у часе прыводзіць да адаптацыі рэжыму да новых умоваў. Актывістка адзначае, што санкцыі прывядуць да пагаршэння і так кепскай эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, але гэта не будзе працягвацца доўга, паколькі наступствам будзе сыход Лукашэнкі.


Варшава, 27.05.2021 Варшава, 27.05.2021

Разам са Стасяй Гліннік галадоўку пачала Бажэна.

-Калі я ехала ў Польшчу вучыцца, Мінск быў горадам пратэстаў. Калі я вярнулася туды ў маі, гэта быў горад цені з-за агромністага страху. Апошнія тыдні сталі кумуляцыяй – 35 новых крымінальных спраў, блакіроўка tut.by, выкраданне Рамана Пратасевіча. Я не бачыла іншага выхаду. Мы выбралі радыкальную форму пратэсту. Мы не заклікаем нікога далучацца, бо гэта дастаткова цяжка. Трэба быць гатовымі і фізічна, і маральна. Я да гэтага была гатова ўжо даўно. Мы чакаем хуткай рэакцыі Еўрапейскай камісіі, паколькі ад гэтага залежыць нашае здароўе, а самае галоўнае – жыццё і здароўе палітвязняў. Мы не можам больш чуць навіны пра смерці. Нельга пераасэнсаваць колькасць ахвяр, вялікія хвалі эміграцыі. Гэта павінна спыніцца.

Да Стасі і Бажэны далучылася Дзіяна, лідар студэнцкага руху ў Беларусі, якая была вымушаная з’ехаць пасля затрымання і ціску з боку КДБ. Пераехаўшы сюды студэнты творчых напрамкаў аб’ядналіся і працягваюць працаваць над праектамі, але гэта праекты будучай Беларусі, кажа Таццяна. У сваю чаргу трэба было зрабіць нешта ў цяперашні момант.

-Калі я чытаю пра тое, што адбываецца ў Беларусі, што мне пішуць сваякі і сябры, то ад трывогі мяне пачынае ванітаваць. Я не магу есць нармальна і без галадоўкі. Ты не разумееш, што можаш зрабіць, каб дапамагчы хоць неяк. Нашая галадоўка – гэта той мінімум, які мы можам зрабіць тут і цяпер. Мы спадзяемся, што яна дапаможа ўвесці санкцыі супраць тэрарыстычнага рэжыму Лукашэнкі. Што гэта дапаможа людзям, якія засталіся ў Беларусі.

Дзіяна кажа, што голад пакуль ёй не перашкаджае, але яна выдатна адчувае сябе маральна, паколькі праяў салідарнасці з боку польскага грамадства проста велізарны.

Некалькі дзён таму на мітынг пад офіс ЕС прыйшоў шматгадовы працаўнік «Беларускалія» Зміцер. Ён пачуў, як актывісткі аб’явілі, што распачынаюць галадоўку. Зміцер узгадаў, што ў беларускага пратэсту жаночы твар. Таму ён вырашыў, што гэта несправядліва. Здароўе дазваляе яму далучыцца, таксама ёсць матывацыя.

-Мне гэта вельмі трэба. Па гэтай прычыне я тут і знаходжуся ў Польшчы. Паколькі я не адчуваю маральнага права заклікаць беларусаў выходзіць на акцыі, я павінен рабіць тое, што магу, знаходзячыся за межамі Беларусі. Я вырашыў, што гэта будзе правільны крок з майго боку. І я гатовы галадаць тут да апошняга.

Галадоўнікі знаходзяцца пад будынкам прадстаўніцтва ЕС на вуліцы Свентакшыска ў Варшаве кругласутачна. Стася Гліннік кажа, што яны будуць галадаць, пакуль не пачуюць канкрэтных абяцанняў з боку еўрапейскіх палітыкаў:

-Мы будзем працягваць галадоўку пакуль не пачуем канкрэтнага адказу на нашыя патрабаванні. Ці калі б нас падвяло нашае здароўе. Сёння здарылася вельмі кранальная гісторыя, якую я прыняла блізка да сэрца. Нам пазванілі ўцекачы з лагера ў Бялай Падляскай. Яны сказалі, што калі ў нас ужо не будзе сіл працягваць, то яны прыедуць і нас заменяць.

Таксама на месцы ідзе збор подпісаў за ўвядзенне жорсткіх эканамічных санкцый супраць беларускага рэжыму і прызнанне яго тэрарыстычным.


Варшава, 27.05.2021 Варшава, 27.05.2021

ав