Беларуская Служба

Латушка: «Не здавайцеся, праўда на нашым баку!»

01.06.2021 16:15
Пра сітуацыю ў Беларусі, далейшую барацьбу з рэжымам Лукашэнкі Беларускай службе Польскага радыё распавёў старшыня Народнага антыкрызіснага кіравання Павал Латушка.
Аўдыё
  • Старшыня НАК Павал Латушка пра сітуацыю ў Беларусі ды планы далейшай барацьбы
Ілюстрацыйны здымакJolanta Smialowska/Polskie radio

Беларусь цяпер называюць краінай пад акупацыяй, дзеянні лукашэнкаўскіх сілавікоў параўноўваюць з нацыстамі праз той тэрор супраць грамадства, які развязаў рэжым. З чым сутыкнуліся беларусы на 20 годдзе незалежнасці? Пра гэта мы паразмаўлялі з шматгадовым беларускім дыпламатам, былым высокапастаўленым чыноўнікам, а цяпер старшынёй Народнага антыкрызіснага кіравання Паўлам Латушкам.

 - Фактычна мы маем беспрэцэдэнтную сітуацыю ў сучаснай Еўропе, калі на тэрыторыі еўрапейскай краіны – Беларусі, ажыццяўляюцца самыя маштабныя рэпрэсіі за апошнія 40 год у адносінах да мірнага народу.

Нягледзячы на маштабныя рэпрэсіі, беларусы не здаліся, перакананы палітык.  

- У Беларусаў застаецца матывацыя, яна пераходзіць у злосць, неразуменне. Некаторыя вырашаюць не выходзіць, іншыя рыхтуюцца да вырашальнага моманту, калі трэба будзе выйсці. Хваляванні сярод людзей працягваюцца, гэта павінна выйсці на вонкі.

У гэтых умовах дэмакратычныя сілы павінны дзейнічаць супольна, працаваць сістэмна па мабілізацыі беларусаў.

- У нас ёсць адзіная мэта. Мы бачым пагрозу суверэнітэту краіны, пагрозу беларусам ад Лукашэнкі ды створанай ім сістэмы падаўлення. Гэта нас аб’ядноўвае. У Народным антыкрызісным кіраванні, якое я ўзначальваю, мы сыходзім з таго, што трэба працаваць больш сістэмна, мэтанакіравана, больш прынцыпова. Таму мы заўсёды выступалі за больш моцныя крокі з боку нашых партнёраў. Ад беларусаў залежыць наш лёс.

Высілкі дэмакратычных сілаў павінны быць шматузроўневыя, накіраваныя на ўзмацнення ціску на рэжым Лукашэнкі.

- Для нас цяпер важным ёсць мабілізаваць людзей, таму мы падтрымліваем ініцыятыву ByPol. Таксама важна праз ускосныя санкцыі прывесці да спынення супрацы замежных кампаній з беларускімі фірмамі, дзе рэпрэсуюць работнікаў. Трэба пазбаўляць Лукашэнку цацак, гэта і Славянскі базар, хакей, Еўрабачанне. Ёсць шмат ініцыятыў, дзе НАК працуе разам з разнастайнымі фондамі, разам з беларускай дыяспарай за мяжой. Еўрабонды – гэта адзін з тых праектаў. Калі ўсё гэта разам акумуляваць, а я назваў толькі частку крокаў, гэта дасць нам магчымасць атрымаць мабілізацыйную перавагу ды перамагчы ў вырашальны момант.

Палітык заклікаў беларусаў не здавацца і рыхтавацца да вырашальнага моманту змагання, які набліжаецца.

- Не здавайцеся, праўда на нашым баку. Падумайце пра тысячы людзей якія знаходзяцца ў турмах, якіх катуюць. Ці я магу сабе дазволіць здацца і пагадзіцца з гэтым. Я – не. Хай кожны адкажа на гэтае пытанне. Трэба яднацца і рыхтавацца да вырашальнага выхаду на мірны пратэст. Трэба рыхтаваць страйкі на прадпрыемствах, бо эканамічная сітуацыя будзе толькі пагаршацца. Сёння дзень абароны дзяцей. Якой краіны вы хочаце для сваіх дзяцей? Светлай і мірнай? Я хачу!

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Поўную размову слухайце ў аўдыёфайле