Беларуская Служба

Выклікаючы крызіс на межах, Лукашэнка спадзяецца на саступкі ЕС

03.09.2021 12:04
Лукашэнка паводзіць сябе, як Расія на Усходзе Украіны, лічаць беларускія незалежныя аглядальнікі.
Аляксандр Лукашэнкаhttps://www.belta.by/president/view/lukashenko-perspektivy-belorusskogo-diplomaticheskogo-prisutstvija-v-rjade-stran-ne-prosmatrivajutsja-435907-2021/

«Мэтай дзеянняў Беларусі на мяжы з краінамі ЕС з'яўляецца павелічэнне выдаткаў на ціск на беларускія ўлады», – кажа ў размове з Польскім агенцтвам друку (PAP) беларускі палітычны аналітык Арцём Шрайбман, а незалежны каментатар Аляксандр Класкоўскі дадае, што гаворка ідзе пра тое, каб прымусіць Захад да саступак і перамоваў.

«Аляксандр Лукашэнка не можа ўвесці санкцый супраць Захаду, бо гэта, перш за ўсё, стане балючым для яго. Вось чаму ён сягае па такія «контрсанкцый», якія мала яму каштуюць, але наносяць вялікую шкоду другому баку», – лічыць Шрайбман, каментуючы імклівы рост колькасці нелегальных мігрантаў з Беларусі. Гаворка ідзе не толькі пра гаспадарчы, але і пра палітычны кошт.

«Мы бачым, што сітуацыя з мігрантамі ўжо прывяла да спрэчак і эмоцый у Літве і Польшчы(…) Ці можна гэта назваць стратэгіяй? У пэўным сэнсе так», – кажа аналітык.

У сваю чаргу Аляксандр Класкоўскі падкрэслівае, што «Захад хоча размаўляць аб правах чалавека, палітвязнях і палітычнай сітуацыі ў краіне, а Лукашэнка спрабуе перанакіраваць увагу на іншыя пытанні».

«Ён таксама хоча паказаць, што для вырашэння праблем неабходныя перамовы з ім, то бок на самой справе прызнанне яго прэзідэнтам», – звяртае ўвагу аглядальнік. Ён дадае, што для беларускага дыктатара той факт, што Захад пасля мінулагодніх выбараў упершыню адмовіўся яго легітымізаваць, зʼяўляецца «асабістай крыўдай».

Шрайбман нагадвае, што апошнім часам Лукашэнка неаднаразова заклікаў да перамоваў, але «без папярэдніх умоў». «Гэта тактыка, у якой спачатку ёсць папярэджанні і пагрозы, а потым запрашэнне: «сядзем, пагаворым». Гэта нагадвае дзеянні Расіі ў дачыненні да Украіны. Спачатку ты акупуеш Крым, займаеш частку Данбаса і кажаш: Калі вы хочаце назад Данбас, то пра Крым больш не будзем гаварыць. Лукашэнка таксама хоча выключыць з размовы ўнутраную сітуацыю», – ацэньвае Шрайбман.

«Лукашэнка – майстар перамоў, і я думаю, што калі б убачыў гатоўнасць з другога боку да размовы, ён хутка даў бы знак, што можа ўзяць сітуацыю з мігрантамі пад кантроль», – канстатуе Арцём Шрайбман.

аз