У пятніцу пачынаюцца сумесныя расійска-беларускія вучэнні «Захад-2021», а ў чацвер у Крамлі сустракаюцца Уладзімір Пуцін ды Аляксандр Лукашэнка. Gazeta Wyborcza піша, што сустрэча будзе прысвечана, у прыватнасці, інтэнсіфікацыі ваеннага супрацоўніцтва. У Беларусі ўжо шмат расійскіх вайскоўцаў, Маскве ўдалося стварыць нешта накшталт ваеннай паўбазы. Лукашэнка доўга супраціўляўся размяшчэнню ў краіне расійскай ваеннай базы, але, відаць, яго супраціў пакрысе заканчваецца.
У чацвер Пуцін і Лукашэнка сустракаюцца ўжо пяты раз у гэтым годзе, каб правесці канчатковыя перамовы па пытанні ўсіх дарожных мапаў інтэграцыі, у тым ліку гаворка ідзе пра ваенную супрацу. Літоўскія СМІ паднялі трывогу, што расіяне могуць пакінуць у Беларусі ваенную тэхніку пасля вучэнняў, і такім чынам у іх будзе ўжо ў суседняй краіне матэрыяльная база.
Манеўры не з’яўляюцца для Польшчы непасрэднай пагрозай, яны былі запланаваныя даўно. Аднак мілітарная сітуацыя непадалёк ад польскай мяжы мяняецца ў горшы бок. Нельга забываць, што ў Расіі цяпер гарачы перадвыбарчы перыяд – праз дзень пасля заканчэння вучэнняў пачынаюцца выбары ў Дзярждуму. Прэзентацыя ваеннай магутнасці павінна павысіць нізкую папулярнасць партыі ўлады – «Адзінай Расіі».
Відаць, у Маскве ўжо паверылі, што ўдасца прасунуць наперад інтэграцыю з Беларуссю. Прадстаўнік Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Пуцін і Лукашэнка выступяць на сумеснай прэс-канферэнцыі. Гэта нешта новае, паколькі раней пасля перамоваў двух палітыкаў такіх канферэнцый не было. Для Лукашэнкі гэта складаная сустрэча, паколькі ён разумее, што праграма інтэграцыі з Расіяй азначае ліквідацыю незалежнасці Беларусі, і, перш за ўсё, яго асабістай улады.
Gazeta Wyborcza/нг