Беларуская Служба

Кіраўнік літоўскага офісу Freedom House пра сітуацыю з мігрантамі: Гэта пакуль не крызісная сітуацыя

08.10.2021 15:53
Міграцыйны крызіс на беларуска-еўрапейскіх межах зацягваецца.
Аўдыё
  • Міграцыйны крызіс на беларуска-еўрапейскіх межах
Imigranci na granicy polsko-białoruskiej
Imigranci na granicy polsko-białoruskiejPAP/Artur Reszko

На фоне пагаршэння адносінаў Беларусі з Захадам Літва, Польшча і Латвія сутыкнуліся з плынню мігрантаў з краін Блізкага Усходу і Афрыкі.

З-за міграцыйнага крызісу Польшча абвясціла надзвычайнае становішча на прылеглых тэрыторыях, а Літва – рэжым экстрэмальнай сітуацыі, і запрасіла дапамогу ад еўрапейскага агенцтва па ахове знешніх межаў Frontex. Калі за ўвесь 2020 год у Літве затрымалі 81 такога мігранта, то з пачатку 2021 года выяўлена больш за 4000 чалавек, колькім мігрантам удалося незаўважна перасекчы мяжу – невядома.

Гэтыя працэсы суправаджаюцца інфармацыйнай вайной у СМІ. Праўладныя медыя і Тэлеграм-каналы штодня выпускаюць паведамленні з абвінавачваннямі Літвы і Польшчы ў гвалце супраць мігрантаў і не гуманных паводзінах.

Віціс Юрконіс – выкладчык Інстытута міжнародных адносінаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту, кіраўнік літоўскага офісу Freedom House гаворыць, што асноўная крыніца гэтых праблем – рэжым Аляксандра Лукашэнкі, але пакуль для Літвы не ідзе размова пра крызіс.

– Я бы не называў гэта крызісам. Гэта напружанне, выклік. Але на крызіс, прынамсі такі, як мы бачылі 5-6 гадоў таму ў Еўропе, гэта не цягне. І калі глядзець на тую колькасць беларусаў, якія прыехалі ў Літву, гэта прыкладна столькі ж. Беларусаў нават больш. Таму Літва павінна спраўляцца з такой плынню людзей, і ў сіле. Праблема ў тым, што ў выпадку з мігрантамі з Усходу магчымасцяў для літоўскіх чыноўнікаў, каб высветліць асобы, праверыць пашпарты і гэтак далей, істотна менш. Бо людзі не гавораць на тых мовах, якімі валодаюць нашыя спецыялісты з дэпартаменту міграцыі. І агулам даволі мала ведаў пра рэгіён Усхода і Афрыкі, няма кантактаў з праваабаронцаў. Але гэта таксама пытанні, якія можна вырашыць.

Я таксама не люблю назву «гібрыдная атака», бо гэта падразумявае нейкую вайну. Толькі выкарыстоўваецца не зброя, а людзі. І ахвяраю з’яўляюцца гэтыя людзі, якія трапілі ў засаду. Хто вінаваты? Той, хто запрашаў, хто даваў візы і нешта абяцаў.

Як я ацэньваю "push back", тое, што Літва не ўпускае ў краіну? Я так разумею, што гэта было ўзгоднена з еўрапейскімі партнёрамі. Бо для большасці гэтых мігрантаў – мэта паездкі Германія, Швецыя. І тут момант у тым, што Літва абараняе не толькі сваю краіну, але і мяжу Еўрасаюза. І тут пытанне, ці Польшча, Літва, Латвія з’яўляюцца адказнымі суб’ектамі Шэнгенскай зоны.

Юрконіс мяркуе, што ў бліжэйшы час будзе ўзмоцненая міграцыйная палітыка.

Каміль Клысіньскі – аналітык Цэнтра ўсходніх даследаванняў (OSW, Варшава) гаворыць, што стварыўшы міграцыйную праблему ўлады Беларусі хочуць Еўропу прымусіць размаўляць з імі:

– Як мы можам меркаваць па заявах афіцыйнага Мінска ці напаўафіцыйнага, мэта гэтых дзеянняў – сесці за стол перамоў. Маўляў, давайце жыць дружна і здымем частку санкцый. Але я не бачу ніякіх праяў добрай волі да гэтага. Калі выкарыстоўваюць такія інструменты для дасягнення кампрамісу ці аднаўлення даверу, што ўвогуле гучыць вельмі экзатычна ў цяперашніх умовах. Гэта гаворыць пра поўную неадэкватнасць. Але я мяркую, што ўсё не так кепска з іх неадэкватнасцю. Яны выдатна разумеюць, што ніхто з імі не пойдзе на перамовы. У нас ёсць розныя колы, розныя медыя. І некаторыя даволі талерантна да Лукашэнкі ставяцца. Але ніхто пакуль не гаворыць пра перамовы. Тэма спрэчак – стаўленне менавіта да мігрантаў. Мы не мусім адступаць ад рацыянальнага падыходу. Не варта ў такіх умовах уступаць у перамовы з лідарам краіны, якая выклікае павагу з-за народа, але не за паводзіны яе лідара, які паводзіць сябе як лідар краіны-ізгоя.

– І той факт, што рыхтуецца пяты пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі таксама ёсць выразны знакам наконт таго, ці трэба весці перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам у цяперашніх варунках, – заявіў Каміль Клысіньскі падчас дыскусіі, арганізаванай ініцыятывай Belarus in Focus.

Эксперты задаюцца пытаннем, што міжнародныя інстытуцыі кшталту Чырвонага крыжа могуць зрабіць у Беларусі для нармалізацыі сітуацыі.

Можна бачыць і такі наратыў ад еўрапейскіх чыноўнікаў: Калі ты прыехаў з Сірыі, Ірака, Афрыкі, то што табе пагражае ў Беларусі, чаму ты імкнешся ехаць далей? Хаця, безумоўна, кожны чалавек мае права абіраць для сябе канечны пункт падарожжа, дзе ён хацеў бы ўладкаваць сваё жыццё. Але нагадаем, што ў сістэме зоны Шэнген дзейнічае Дублінскае пагадненне, якое абавязвае пакідаць мігрантаў у першай краіне перасячэння мяжы.

Варта таксама памятаць пра гуманістычны складнік канфлікту: размова ідзе пра жыцці людзей. Цяпер вядома як мінімум пра гібель шасці асобаў з ліку мігрантаў на мяжы Беларусі і ЕС.

Памежная служба Польшчы са жніўня перадухіліла больш за 14 тысяч спроб незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы. Цяпер у цэнтрах утрымання Памежнай службы аховы знаходзіцца больш за 1500 нелегальных мігрантаў.

Надзвычайнае становішча дзейнічае ў памежнай зоне з Беларуссю з 2 верасня. Яно было ўведзены на 30 дзён указам прэзідэнта Анджэя Дуды, а тыдзень таму Сейм прыняў рашэнне падоўжыць яго яшчэ на 60 дзён.

ВХ