У ім удзельнічаюць кіраўнікі інстытутаў, дзяржаў і ўрадаў краін Еўрасаюза і краін-удзельніц «Усходняга партнёрства». Саміт упершыню пройдзе без Беларусі.
Беларусь на асноўным пасяджэнні саміту будзе прадстаўленая пустым крэслам з афіцыйным сцягам. Летам гэтага года афіцыйны Мінск у адказ на санкцыі прыпыніў сяброўства краіны ва «Усходнім партнёрстве». У праграме застаюцца Азербайджан, Арменія, Грузія, Малдова і Украіна.
Праграма «Усходняе партнёрства» была распачатая ў 2009 годзе. Яе мэта – наблізіць Арменію, Азербайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Украіну да Еўрасаюза. Гэта інструмент уплыву ЕС, найперш праз фінансаванне, абмены камунікацыю ды іншыя магчымасці для названых краін. Ідэя праграмы належыць міністрам замежных спраў Польшчы і Швецыі Радаславу Сікорскаму і Карлу Більту.
Асноўнымі прыярытэтамі адносін паміж краінамі Усходняга партнёрства і ЕС з’яўляюцца:
- Эканамічнае развіццё і магчымасці рынку.
- Умацаванне інстытутаў і добрае кіраванне.
- Сувязь, энергаэфектыўнасць, змяненне клімату і навакольнага асяроддзя.
- Мабільнасць і міжасобасныя адносіны.
Святлана Ціханоўская ў самім саміце не ўдзельнічае, але гэтымі днямі яна правяла шэраг сустрэч з выскопастаўленымі чыноўнікамі Еўрапейскага Саюза.
12 снежня ў штаб-кватэрах Рады ЕС і Еўракамісіі ў Бруселі адбылася серыя сустрэч кіраўнікоў Еўрапейскага звязу з дэмакратычнай лідаркай Беларусі Святланай Ціханоўскай.
Распавядае прэс-сакратар Ціханоўскай Ганна Красуліна:
– Ціханоўская ўдзельнічае ў Саміце Ўсходняга партнёрства, не ў асноўным паседжанні, але ў папярэдніх сустрэчах. Яна сустракалася са старшынёй Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляйен, з прэзідэнтам Еўрапейскай Рады Шарлем Мішэлем, вярхоўным прадстаўніком ЕС па замежным справам і палітыцы бяспекі Жозэпам Барэлем. Таксама яна ўдзельнічала ў вялікай сустрэчы з 13 міністрамі замежных спраў і лідарамі краін. Такім чынам Святла сустрэлася практычна з усімі ўдзельнікамі Саміту Усходняга партнёрства і данесла да іх усе нашы меркаванні па сітуацыі і пажаданні. Таксама ў гэтай вялікай сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі палітычных структур і грамадзянскай супольнасці. Ціханоўская абмеркавала ў тым ліку план ЕС для дэмакратычнай Беларусі, ставілася пытанне, што можа быць варта было б лібералізаваць рынак экспартных паслуг для Беларусі, каб падтрымаць малы і сярэдні бізнес. Таксама абмяркоўвалася сітуацыя з медыя – з дастаўкай праўдзівай інфармацыі людзям.
Амаль увесь дзень учора быў прысвечаны сітуацыі ў Беларусі і судоваму вердыкту, які прагучаў. Святлана дакладна абазначыла сваю пазіцыю: гэтыя лічбы – ад 14 да 18 год турмы лідарам беларускага пратэсту, у тым ліку і Сяргею Ціханоўскаму — за тое, што яны толькі хацелі змяніць сітуацыю ў бок дэмакратызацыі і развіцця Беларусі, нармальнага жыцця ў краіне. І за гэта атрымалі вялікія тэрміны. Лукашэнка баіцца гэтых людзей, нават калі яны знаходзяцца ў клетцы.
Прэс-сакратар Ціханоўскай Ганна Красуліна распавяла, што абмяркоўвалася і тэма спрашчэння візавага рэжыму:
— Абмяркоўвалася пытанне дарожнай карты для бязвізавага ўезда беларусаў у краіны Еўрасаюза. Гэта адна з нашых мэтаў. Бо гэта дазволіць свабодна перасякаць мяжу і зробіць наша жыццё больш еўрапейскім, мы зможам бачыць, як пабудавана ў іх і пераняць лепшыя практыкі для Беларусі. Гэтая ідэя даўно абмяркоўваецца. Зразумела, што ў свабоднай Беларусі гэта будзе зроблена хутка. Але і цяпер праца ідзе, даволі даўно і планамерна. І мы перакананыя, што яна завяршыцца станоўча для Беларусі.
Размова пра сотні мільёнаў. Але, калі гаварыць пра ўтрыманне ўлады, то такімі рэчамі ахвяруюць.
Палітолаг Валер Карбалевіч тлумачыць, што значыць для Беларусі прыпыненне членства ў Праграме Усходняе партнёрства
- Можна гаварыць пра палітычныя страты і эканамічныя. Палітычныя страты – гэта тое, што Беларусь згубіла еўрапейкі вектар сваёй замежнай палітыкі. І знешняя палітыка стала даволі абрэзанай. Еўрапейскае партнёрства – фактычна адзіная платформа, у рамках якой Беларусь развівала адносіны з Еўрапейскім саюзам. Таму што ніякіх іншых дамоў з ЕС не існуе. Адзіная дамова, якая была яшчэ падпісаная Савецкім саюзам, і на аснове гэтай дамовы Беларусь і развівае адносіны з Еўрасаюзам. А «Усходняе партнёрства такую магчымасць давала».
Што тычыцца матэрыяльных стратаў, то дзясяткі мільёнаў долараў Беларусь атрымлівала ў межах праграмы «Усходняе партнёрства». Прычым размова не пар крэдыты, а пра гранты. Акрамя таго, Беларусь супрацоўнічала з фінансавымі інстытуцыямі Еўропы – Еўрапейскі банк развіцця, Еўрапейскі банк інвестыцый. Цяпер яны спынілі фінансаванне беларускіх праектаў. Таму размова пра сотні мільёнаў. Але, калі гаварыць пра ўтрыманне ўлады, то такімі рэчамі ахвяруюць.
Некаторыя лічбы:
У рамках рэалізацыі Еўрапейскага інструменту суседства ў 2007–2013 гадах Беларусь атрымала 71,6 млн еўра на праграмы і праекты ў сферы энергаэфектыўнасці, экалогіі, стандартызацыі, медыцыны і рэгіянальнага развіцця.
Кіраўнік Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль тады паведаміў, што Еўрасаюз выдаткаваў больш як 33 мільёны еўра на непасрэдную дапамогу беларускаму народу з жніўня 2020 году, а таксама прыняў пакет у 15 мільёнаў еўра, «які будзе дапаўняць і пашыраць бягучую дапамогу».
вх