Беларуская Служба

Моцныя словы Глінскага ў нямецкіх СМІ: «Нас абвінавачвалі ў расійскай параноі»

29.03.2022 12:39
На старонках Der Spiegel віцэ-прэм’ер Пётр Гліньскі звяртае ўвагу на тое, што палякаў гадамі абвінавачвалі ў «расійскай параноі», а ўвесь свет нарэшце даведаўся, што такое Расія.
 .
Ілюстрацыйнае фота. Dutchmen Photography/Shutterstock

На працягу многіх гадоў польскія палітыкі папярэджвалі пра небяспеку, якую нясе Расія Уладзіміра Пуціна. Яны, на жаль, мелі рацыю. Цяпер Польшча на Захадзе выступае адвакатам Украіны. Ці расце значэнне Польшчы, якая раптам стала прыфрантавой? – задаецца пытаннем нямецкі тыднёвік Der Spiegel.

— Я спадзяюся, што мы не толькі голас Украіны ў ЕС, але і голас дэмакратыі. Мы адчуваем адказнасць. Мы перакананыя, што ад лёсу Украіны залежыць лёс усяго свету, – тлумачыць віцэ-прэм'ер, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Глінскі (Piotr Gliński).

Ён нагадаў, што «прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі і палітычны лідар Яраслаў Качыньскі былі ў Кіеве (...) разам з нашымі сябрамі з Чэхіі і Славеніі». Па словах Глінскага, «туды павінен паехаць кожны еўрапейскі дзяржаўны дзеяч».

Якая насамрэч Расія

Пётр Глінскі падкрэсліў, што «нас ужо доўгі час абвінавачвалі ў расійскай параноі. Але ўрэшце ўвесь свет убачыў, што такое Расія насамрэч».

На пытанне, ці хоча Пуцін знішчыць нацыянальную спадчыну ўкраінцаў, праф. Глінскі кажа:

– Я ў гэтым не сумняюся. Разбурэнні для таго, каб прымусіць здацца. Пуцін лічыць, што ў рэчаіснасці не існуе асобнага ўкраінскага грамадства, не кажучы ўжо пра ўкраінскую нацыю. Гэты пункт гледзішча не толькі напышлівы, але і хлусня – як і большасць яго слоў. Украінскае грамадства арганізоўвалася стагоддзямі і робіць гэта цяпер.


Чым Захад можа дапамагчы Украіне?

— Захад, цывілізаваны свет, падтрымлівае Украіну жорсткімі санкцыямі супраць Расіі і пастаўкамі зброі. Гуманітарная дапамога на месцы і абарона інфраструктуры таксама важныя. Гэта і абарона помнікаў і аб’ектаў гістарычнай спадчыны ад пашкоджанняў. Мы былі ў цесным кантакце з украінскімі калегамі на працягу многіх гадоў. У нас ёсць сувязі з музеямі, інстытутамі, архівамі, - тлумачыць віцэ-прэмʼер Глінскі.

Міністр культуры і нацыянальнай спадчыны падлічыў, што ў Львове захоўваецца каля 30 працэнтаў скарбаў з бібліятэк і музеяў Украіны.

— Нашы партнёры прасілі ў нас ўпаковачныя матэрыялы. З Польшчы ва Украіну ўжо адправілася шэсць-сем транспартаў. Прадастаўляюцца матэрыялы, якія дазваляюць захоўваць і ахоўваць каштоўнасці мастацтва. У Львове ўжо забяспечана 30 працэнтаў скарбаў з бібліятэк і музеяў, - інфармуе віцэ-прэмʼер.

Ён нагадаў, што «мы таксама дапамагаем творцам, якія ўцяклі сюды (у Польшчу). Тое ж самае мы рабілі і для беларусаў, ствараем для іх месцы, стыпендыі, вітаем іх у нашых інстытутах, каб яны працягвалі сваю працу. Я толькі што вылучыў сродкі на сайт, прысвечаны ўкраінскаму мастацтву. Польшча вельмі дапамагае, таму што сюды ўжо прыбыло больш за два мільёны бежанцаў, з якіх, паводле ацэнак, 1,5 мільёна застануцца ў нас».

– Украіна ўсё яшчэ змагаецца і не пераможана. Культура важная, але пастаўкі зброі і боепрыпасаў у нашы дні маюць вырашальнае значэнне. Цяпер амаль увесь свет падтрымлівае ўкраінскую барацьбу са злом, - сказаў віцэ-прэмʼер Глінскі.

niezalezna.pl / вх