Даследчы цэнтр IBRiS пацікавіўся, як палякі ацэньваюць ідэю, што кожны грамадзянін ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў павінен прайсці 16-дзённую вайсковую падрыхтоўку, каб навучыцца страляць, асвоіць асноўныя прынцыпы абароны і паводзінаў у надзвычайных сітуацыях.
Рэдакцыя піша, у выпадку пачатку вайны падобнае рашэнне можа быць прынята ўрадам і будзе тычыцца вялікай колькасці людзей, што цяпер, уласна, і назіраецца ва Украіне з запісам добраахвотнікаў у мясцовую тэрытарыяльную абарону.
Ідэю такіх трэнінгаў адназначна станоўча ацанілі 39 % апытаных, дакладней добра - 31,3 %, гэта значыць, што агулам 70 %станоўча ставяцца да падобнай ідэі. Негатыўна ацанілі прыкладна 25 % апытаных.
Апытанне паказвае, што гэтае пытанне практычна не мае палітычнай афарбоўкі, яно папулярнае сярод выбаршчыкаў усіх партый, хоць крыху больш падтрымліваецца сярод прыхільнікаў Канфедэрацыі (86%) і Аб'яднаных правых (85%). Такую ж падтрымку сярод выбаршчыкаў на мінулых прэзідэнцкіх выбарах мае Анджэй Дуда і Рафал Тшаскоўскі (па 80 працэнтаў).
Вынікі апытання ў інфаграфіцы
Даследаванні, праведзеныя IBRiS за апошнія восем гадоў, гэта значыць пасля першай агрэсіі Расіі супраць Украіны ў 2014 годзе, паказваюць, што падтрымка аднаўлення вайсковай падрыхтоўкі змяняецца. Яна павялічваецца, калі пагроза становіцца больш выразнай. На думку аўтараў даследавання, «чым больш дэкларуюцца веды пра гісторыю Польшчы і свету, тым большая гатоўнасць удзельнічаць у абарончых мерапрыемствах».
Важна, што сярод тых, хто хацеў бы вярнуцца да ўсеагульнай вайсковай падрыхтоўкі, больш за 70 % мяркуюць, што яна павінна доўжыцца год ці больш. Падзел быў больш бачны ў выпадку адказаў на пытанне, ці хацелі б палякі прайсці вайсковую падрыхтоўку, калі была такая магчымасць — па 49 % рэспандэнтаў адказалі станоўча і адмоўна.
Апытанне паказала, што найбольш важнымі прычынамі, па якіх палякі хацелі б ісці ў войска, былі альтруістычныя матывы - гатоўнасць дапамагчы іншым (22,4%), пачуццё місіі і абароны польскіх межаў (12,6%) і служэнне Радзіме (12,5 %), піша Rzeczpospolita.
вх