Слухайце далучаны файл!
Расійская прапаганда праявіла сваю страшную сілу. Мільёны людзей у Расіі падтрымліваюць вайну ва Украіне, вераць, што ўкраінцы – фашысты, лічаць нармальным, што расіяне пайшлі ва Украіну забіваць яе грамадзян. Як працуе расійская прапаганда, што адбываецца з мысленнем людзей?
Расійская дзяржаўная прапаганда доўгія гады сістэмна апрацоўвала аўдыторыю і ў сваёй краіне, і за яе межамі – дзе пашыраная руская мова – ва Украіне і Беларусі. Вынікам стала 24 лютага, калі Расія напала на Украіну і ў рэгіёне пачалася рэальная, а не толькі інфармацыйная вайна.
Ёсць шмат момантаў, якія забяспечылі поспех гэтай справе: працягласць у часе, шматлікія паўторы наратываў, яркія, хаця і абсурдныя для свежага погляду вобразы. Але ў комплексе гэта працуе выдатна.
Масавая прапаганда заснавана на ўласцівасцях чалавечай псіхікі, якая любіць чапляцца да штампаў. Так чалавеку лягчэй запамінаць і тлумачыць сабе падзеі гэтага свету. Галоўная задача прапаганды – не лагічна абгрунтаваць або выбудаваць нейкую аргументаваную пазіцыю. У першую чаргу прапаганда хоча выклікаць эмацыйную рэакцыю, таму тут усе сродкі добрыя.
Атар Даўжэнка – рэдактар, шмат гадоў займаецца маніторынгам мэдыякантэнту, з 2020 года – галоўны рэдактар анлайн-выдання «Дэтэктар медыя», якое спецыялізуецца акурат на тэмах таго, як працуюць сучасныя СМІ. Атар Даўжэнка пералічвае некалькі асабліва абсурдных ідэй, якія расійская прапаганда старанна паўтарае:
– Захад выкарыстоўвае Украіну, каб нашымі рукамі ваяваць з Расіяй. Другая подлая рэч – быццам бы Украіна несамастойная дзяржава. Украіна абвалілася, тут нічога не працуе, улады нічога не кантралююць і будучыні тут няма. Так, ва Украіне мы жылі небагата, але ў нас усё было стабільна. Хаця, магчыма, некага можна было ў такім пераканаць. Шэраг наратываў тачыўся Зяленскага, Парашэнкі, якіх спрабавалі дыскрэдытаваць. З Зяленскім цікава: расійская прапаганда яго спачатку любіла. Як ён стаў з надзеі расійскай прапаганды бандэраўцам і нацыстам – гэта ўвогуле цікава.
Прапаганда мае на мэце ўздзеянне на шырокія масы людзей, але працуе з кожным індывідуальна. У залежнасці ад таго, праз якія каналы чалавек спажывае інфармацыю і якая гэта інфармацыя.
Гаворыць Ціхан Дзядко – журналіст, галоўны рэдактар тэлеканала «Дождж», на якім у праграме Fake News разбіралася крамлёўская прапаганда.
– Традыцыйны целік і той Самы Дзмітрый Кісялёў ды іншыя ў большай ступені разлічаныя на людзей старэйшага пакалення. Моладзь, канешне, тэлебачанне глядзіць мала. Моладзь, розум маладых людзей, спрабавалі захапіць на youtube. Але гэта было няўдала, бо апазіцыйная, недзяржаўная журналістыка разбіла гэтыя спробы прапаганды. Той жа канал «Дождж» Дудзь, Шыхман там прысутнічаюць і іх аўдыторыя нашмат большая, чым у прапагандыстаў. На моладзь разлічаныя шматлікія ананімныя Тэлеграм-каналы, якія ўкідваюць абсурдныя і бяздоказныя паведамленні.
Ёсць два істотных інструменты гэтай прапаганды: першы – «усё не так адназначна», сюды ж уваходзіць «няма дыму без полымя». І гэта добра ўспрымаецца аўдыторыяй. А другі паспяховы тэзіс – «усе хлусяць». Калі, напрыклад, ідуць выбары, то прапаганда кажа, што ўсе хлусяць, а значыць выбары фальсіфікуюць не толькі ў Расіі. Калі сюжэт пра карупцыю, значыць трэба расказаць, што жонка нейкага прэзідэнта лётала на самалёце, што было аплачана з асабістага фонду, значыць яны карупцыянеры. Вось гэтая звязка на працягу многіх гадоў стварыла ўражанне ў аўдыторыі, што ўсе вакол страшныя людзі і нікому нельга верыць. Таму, калі ўсе кепскія, то лепш я буду давяраць сваім кепскім, бо яны хаця б свае.
Праблема з грамадскай думкай у Расіі цяпер у тым, што пераканаць іх, што вайна з Украінай – зло, сапраўды складана. Людзям не патрэбны факты, каб верыць. Яны спачатку ў нешта вераць, а потым шукаюць факты, якія дапамагаюць пацвердзіць гэтае меркаванне. Праўда вельмі балючая. Калі чалавек жыве ў Расіі і кожны дзень слухае прапаганду, і потым чуе зусім іншую інфармацыю, якая па сутнасці бурыць яго карціну свету, уявіце, як складана яму гэта прыняць і асэнсаваць. Таму чалавеку лягчэй не чуць іншае меркаванне, а казаць «не ўсё так адназначна».
Рэдактар Атар Даўжэнка кажа, што не верыць у эфектыўнасць якаснай журналістыкі ў супраць вагу прапагандзе.
– Я скептычна стаўлюся ды стаўлення да прапаганды, як да нейкай магіі. Многія даследчыкі пішуць пра расійскую прапаганду як пра нейкае чараўніцтва, што прамывае людзям галовы і яны пачынаюць рабіць тое, чаго не хацелі. Але гэта ж зручна ўсім. Людзі, якія верылі прапагандзе і падтрымлівалі нейкую брыдоту кажуць «ой, нас зачаравалі», барацьбіты з прапагандай кажуць, што трэба больш сродкаў, на Захадзе кажуць, што людзі падтрымліваюць расійскую прапаганду, бо гэта «моцная магія».
Але мне здаецца, што людзі падтрымліваюць гэта ўсё, бо найперш ім гэта выгодна і зручна.
Разбурыць гэта з дапамогаю якаснай журналістыкі немагчыма. Як можна змагацца з тымі, хто верыць у бандэрамабілі? Даказваць, што гэтага няма? Мы па пунктам рабілі разбор міфа «8 год бамбілі Данбас», там сабраныя ўсе факты. Але я не ўяўляю чалавека, які адвернецца ад тэлевізара, прачытае гэты вялікі матэрыял і зменіць сваё меркаванне. Я думаю, што якасная журналістыка для аўдыторыі якаснай журналістыкі. І сярод людзей з адукацыяй хапае тых, хто падтрымлівае дзеянні Расіі. Думаю, проста таму, што ім выгодна: не трэба нічога рабіць, не трэба эміграваць, не трэба выходзіць на акцыі пратэсту, калі яны проста пагодзяцца з гэтай хлуснёй.
Як арыентавацца ў сучасных інфармацыйных плынях? Не давяраць паведамленняў з ананімных Тэлеграм-каналаў, варта чытаць, глядзець медыя, якія маюць імя і рэпутацыю, а таксама правяраць інфармацыю ў некалькіх крыніцах. Калі вы пабачыце інфармацыю пра тое, што ўкраінцы забаранілі карміць зімою снегіроў, бо тыя ў колерах сцяга Расіі, знайдзіце паведамленні па тэме ў некалькіх медыя, і не толькі расійскіх, а таксама крытычна ацаніце інфармацыю, наколькі яна ўвогуле верагодная. Часцей за ўсё абсурднасць – відавочная прыкмета хлусні.
Матэрыял падрыхтаваны паводле дыскусіі, арганізаванай Press Club Belarus.
вх