Праз 40 гадоў пасля аварыі на ЧАЭС беларускія ўлады спрабуюць пераасэнсаваць катастрофу, падаючы яе як «пераадолены этап» з мінімальнымі рызыкамі. Пра гэта паведамляе тэлеканал «Белсат» са спасылкай на новую ідэалагічную метадычку.
Паводле аналізу дакументу, для розных аўдыторый выкарыстоўваюцца розныя акцэнты: для інтэлігенцыі — геапалітычныя параўнанні, для рабочых — тэма «эфектыўнага кіравання», для моладзі — магчымасці кар’еры ў пацярпелых рэгіёнах. Адным з ключавых пасылаў дзяржпрапаганды з’яўляецца сцвярджэнне, што Беларусь нібыта самастойна пераадолела наступствы катастрофы.
Аднак эксперты і факты гэта аспрэчваюць: значная частка дапамогі паступала ад міжнародных арганізацый і іншых краін, а радыяцыйныя рызыкі захоўваюцца дагэтуль.
Асобную крытыку выклікае сцвярджэнне пра «адсутнасць праблем» з бяспекай прадуктаў і мінімальныя наступствы для здароўя. Спецыялісты нагадваюць, што ўздзеянне радыяцыі мае доўгатэрміновы характар, а Чарнобыль усё яшчэ застаецца фактарам рызыкі для вялікай колькасці жыхароў Беларусі.
эж