Беларуская Служба

Амерыка прапанавала Украіне правесці кампактную і павольную наступальную аперацыю на поўдні

01.09.2022 14:25
ЗША перасцераглі кіеўскія ўлады ад размеркавання сілаў на некалькі фронтаў і заклікалі скараціць як геаграфічны маштаб, так і мэты кампаніі.
Ілюстрацыйны здымакфота: TT/Генеральний штаб ЗСУ

Выданне Dziennik піша пра контрнаступ украінскай арміі. Перад яго пачаткам украінскія і амерыканскія войскі адпрацоўвалі гэта ў штабных гульнях, а амерыканцы рэкамендавалі звузіць маштаб і мэты аперацыі, паведаміла CNN са спасылкай на шматлікія амерыканскія, заходнія і ўкраінскія крыніцы.

Паводле гэтых крыніцаў, афіцыйныя асобы ЗША перасцераглі кіеўскія ўлады ад размеркавання сілаў на некалькі фронтаў і заклікалі скараціць як геаграфічны маштаб, так і мэты кампаніі. Украінцы спачатку разглядалі больш шырокі контрнаступ, але ў апошнія тыдні звузілі яго да Херсонскай вобласці на поўдні краіны.

Злучаныя Штаты падтрымліваюць ваенны дыялог з Украінай на розных узроўнях. «Мы даем інфармацыю ўкраінцам, каб дапамагчы ім лепш зразумець пагрозы і абараніць сваю краіну ад расійскай агрэсіі. Менавіта ўкраінцы прымаюць канчатковыя рашэнні адносна сваіх аперацый» – заявіў прэс-сакратар Пентагона Пэт Райдэр.

На пытанне, наколькі эфектыўным будзе ўкраінскае контрнаступленне, адказала ў інтэрв'ю CNN крыніца, знаёмая з апошнімі звесткамі разведкі. Украінскія афіцыйныя асобы папярэдзілі, што наступ, хутчэй за ўсё, будзе павольным, а надыходзячыя зіма і вясна могуць прывесці да перапынку ў баях.

У Расіі па-ранейшаму больш моцы і артылерыі, але заходнія і ўкраінскія эксперты лічаць, што цяпер сілы значна больш збалансаваныя. Перадавыя сістэмы ўзбраенняў, адпраўленыя Украіне Захадам, дапамаглі зменшыць дысбаланс, асабліва ракетныя сістэмы HIMARS, якія ўкраінцы выкарыстоўваюць для абстрэлаў расійскіх ваенных абʼектаў далёка за лініяй фронту.

Гэта паказвае, якія эфекты дае навучанне і пастаўкі зброі, калі вайскоўцы высока матываваныя і эфектыўна яе выкарыстоўваюць. Разбурэннем мастоў украінцы, безумоўна, ударылі па здольнасці Расіі рухацца на поўнач і поўдзень праз раку Днепр. «З пункту гледжання будучых перспектыў, я хацеў бы адзначыць, што Украіна значна бліжэй да раўнавагі ў Херсонскай вобласці, чым у апошнія тыдні», – сказаў прадстаўнік НАТА.

нг