Павел Баркоўскі быў прафесарам філасофіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Ён падтрымліваў пратэсты пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года і вымушаны быў развітацца з навукай, а рэпрэсіі змусілі яго бегчы. Баркоўскі знаходзіцца ў Польшчы з пачатку 2022 года. Атрымаў стыпендыю Нацыянальнага агенцтва акадэмічных абменаў «Салідарнасць з Беларуссю», працуе ў Польскай акадэміі навук. На жаль і ў Польшчы, палітыка Лукашэнкі ўдарыла па ім.
Пра праблемы легалізацыі беларусаў піша Rzeczpospolita.
– У студзені я адкрыў асабісты рахунак у Getin Noble Bank, ніякіх праблем з ім не было. Але з траўня я атрымліваю лісты, патрабуюць від на жыхарства ў Польшчы. Мяне папярэдзілі, што калі я не здам дакумент да 31 жніўня, мой рахунак закрыюць. Яны спасылаюцца на пастановы Савета Еўропы ў лютым і сакавіку адносна санкцыяў супраць Расіі і рэжыму Лукашэнкі, – кажа Баркоўскі. – Я не маю ніякага дачынення да рэжыму Лукашэнкі, я беларускі дысідэнт.
Пасля 1 верасня яго банкаўскі рахунак можа быць закрыты. Давядзецца адкрыць рахунак у іншым банку, інакш Павел застанецца без магчымасці атрымліваць грошы на жыццё.
«Гэта праблема многіх маіх сяброў, якія ўцяклі ад рэжыму Лукашэнкі і маюць, між іншым, гуманітарныя візы. Іх пазбаўляюць права нармальна функцыянаваць. Як ім тут жыць?» – пытаецца Баркоўскі.
Больш за паўгода ён чакае дазволу на часовы від на жыхарства. Чаму так доўга? Ва ўпраўленні Мазавецкага ваяводства ў Варшаве на пытанне Rzeczpospolita пакуль не адказалі. Гэтая праблема датычыцца не толькі беларускіх апазіцыянераў, але і асобаў, якія маюць Карту паляка. Getin Noble Bank таксама просіць іх прад'явіць від на жыхарства. Разам з тым, паводле польскага заканадаўства, уладальнікі Карты паляка на падставе гадавой нацыянальнай візы могуць легальна працаваць і весці бізнес у Польшчы.
– Гэта скандальныя і дыскрымінацыйныя паводзіны. Урад павінен умяшацца ў гэтую справу, – кажа выданню Rzeczpospolita намеснік старшыні пераследаванага рэжымам Лукашэнкі Саюзу палякаў Беларусі Марэк Занеўскі.
Алесь Зарэмбюк, кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве, які гадамі аб’ядноўвае беларусаў у Польшчы, гаворыць што размова ідзе пра дыскрымінацыю рэпрэсаваных беларусаў, якія былі вымушаныя ўцячы з Беларусі, і палякаў з Беларусі, якія маюць Карту паляка. Ён нагадвае, што польскія банкі таксама выступаюць пасярэднікамі ў аказанні еўрапейскімі НДА дапамогі рэпрэсаваным беларусам.
– Рашэнні аб закрыцці рахункаў беларускіх грамадзян у польскіх банках паралізуюць перадачу дапамогі супольнасці Беларусі, – кажа Зарэмбюк.
вх