Я вельмі заклапочаная тым, што мы не чуем дыскусій пра планы дзеянняў у дачыненні да Расіі пасля яе паразы» – кажа ў інтэрв’ю газеце «Rzeczpospolita» былая амбасадар ЗША ў Варшаве Джорджэт Масбахер.
«Я, на жаль, не магу сказаць, які будзе кошт аднаўлення Украіны, але я магу дакладна сказаць, што ён будзе вельмі вялікі з-за разбурэнняў, нанесеных Пуціным. Там цэлыя гарады зраўнялі з зямлёй. Таму і пытанне, хто будзе аднаўляць Украіну і адкуль паступяць сродкі?», – сказала Масбахер. Паводле яе, хутчэй за ўсё, ЗША будуць удзельнічаць у аднаўленні Украіны.
«Але я таксама лічу, што гэта будзе шанец для краін ініцыятывы «Рэгіён трох мораў», для 12 суседскіх краін Украіны, якім украінцы могуць давяраць. У іх (членаў ініцыятывы – рэд.) ёсць шанец стварыць план, паводле якога, Украіна будзе аднаўляцца. Па гэтай справе, я хацела б бачыць згаданыя краіны сярод лідараў, паколькі яны, перш за ўсё, суседзі», – сказала былая амерыканская амбасадар. Яна нагадала, што згаданыя краіны аб’ядноўвае супольная гісторыя і добрыя адносіны з ЗША.
«Калі краіны ініцыятывы «Рэгіён трох мораў» гэтага не зробяць, я баюся, што ў аднаўленне Украіны будуць уцягнутыя не вельмі дружалюбныя краіны. Такія краіны, як Кітай. Я не думаю, што Кітай павінен скарыстацца адбудовай Украіны (…) Шчыра кажучы, я не хацела б таксама, каб Германія была ў першым шэрагу краін, якія дапамогуць адбудаваць Украіну. Гэта менавіта палітыка Германіі па атрыманні танных энерганосьбітаў з Расіі і падтрымцы газаправоду Nord Stream 2 паспрыяла пачатку гэтай вайны» – падкрэсліла Джорджэт Масбахер у размове з выданнем «Rzeczpospolita».
аз