На днях стала вядома, што ў Аб’яднаны пераходны кабінет пад кіраўніцтвам Святланы Ціханоўскай увайшла Аліна Коўшык, якая да гэтага была журналісткай тэлеканалу «Белсат» з моманту заснавання тэлебачання. У кабінеце яна будзе займацца пытаннямі нацыянальнага адраджэння.
У размове з Беларускай службай Польскага радыё Аліна Коўшык сказала, што развітацца з журналістыкай не было лёгка, і што рашэнне трэба было прыняць дастаткова хутка. «Але я не развітваюся, а насамрэч буду працягваць тую справу, якой займалася на «Белсаце»: пашыраць беларускую мову, беларускую культуру, расказваць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, толькі што ў іншым кантэксце», – зазначыла Аліна Коўшык.
Што для яе азначае нацыянальнае адраджэнне? «Для мяне нацыянальнае адраджэнне перш за ўсё азначае свабоду: свабоду выбару, свабоду жыць у краіне – у нашай краіне, дзе мы будзем ведаць сваю гісторыю, ганарыцца нашай культурай, дзе мы зможам размаўляць па-беларуску», – адказала прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету.
Аліна Коўшык пры гэтым падкрэсліла, што вось ужо амаль стагоддзе беларусы не могуць жыць свабодна і годна. «Тэрмін «нацыянальнае адраджэнне» вельмі актуальны пасля 70 гадоў камунізму і амаль 30 гадоў дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі – гэта амаль цэлае стагоддзе, калі мы, беларусы, не можам развівацца нармальна, развівацца свабодна і годна», – падкрэсліла Коўшык.
«Нацыянальна адраджэнне для мяне – гэта наша годнасць і наш нацыянальны гонар», – сказала Аліна і зазначыла, што «нацыянальнае адраджэнне – гэта элемент нашай незалежнасці».
Аліна Коўшык – адна з трох жанчын у кабінеце, у склад якога ўваходзяць сем чалавек. Яна мяркуе, што ў беларускай палітыцы павінна быць больш жанчын.
«Я лічу, што голас жанчын павінен быць чутны ў палітыцы і што жанчыны павінны мець уплыў на далейшае развіццё нашай краіны», сказала Аліна Коўшык.
падрабязнасці – слухайце аўдыёфайл
З Алінай Коўшык размаўляў Валеры Саўко