Беларуская Служба

Амерыканскі аналітычны цэнтр: расійскія элітныя падраздзяленні не ў стане спыніць украінцаў

04.10.2022 11:38
ISW адзначае, што параза падраздзяленняў, якія лічацца самымі элітнымі, у спыненні ўкраінскага контрнаступу, пацвярджае значную страту баяздольнасці расійскіх сілаў.
.   ,
Ілюстрацыя. Харкаўская вобласць Украіны, знішчаная расійская тэхнікафота: PAP/EPA/SERGEY KOZLOV

«Групоўкі расійскіх войскаў на фронце ў Херсонскай вобласці і ў Ліманскім раёне складаюцца з падраздзяленняў, якія да вайны лічыліся элітнымі ўзброенымі сіламі Расіі», – піша Rzeczpospolita пра справаздачу амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (Institute for War Studies (ISW)).

Інстытут адзначае, што ўкраінскае войска вядзе наступ на ўсход ад Лімана і можа прарвацца ў Луганскую вобласць, прасоўваючыся ў бок Крэменной.

Аналітычны цэнтр заўважае, што ўкраінскага наступу на ўсходзе і поўдні не здольныя спыніць расійскія часткі, якія да вайны лічыліся элітнымі і складалі асноўныя звычайныя ЗС Расіі. Гэта 144-я мотастралковая дывізія 20-й арміі, якая адступіла з Лімана і 76-я гвардзейская дэсантна-штурмавая дывізія, войскі якой абараняюць пазіцыі ў Херсонскай вобласці.

ISW адзначае, што параза падраздзяленняў, якія лічацца самымі элітнымі, у спыненні ўкраінскага контрнаступу, пацвярджае значную страту баяздольнасці расійскіх сілаў.

Аналітычны цэнтр таксама мяркуе, што Уладзімір Пуцін усё ж можа спрабаваць абвінаваціць у правале ў Харкаўскай вобласці іншых. Ён таксама спасылаецца на паведамленні расійскіх СМІ пра тое, што 3 кастрычніка адбылася змена на пасадзе камандуючага Заходняй вайсковай акругай РФ – на месца генерала Аляксандра Жураўлёва прыйшоў генерал Раман Берднікаў. На думку амерыканскіх аналітыкаў, гэтае рашэнне можа быць спробай абараніць генерала Лапіна, якога расійскія нацыяналісты крытыкуюць за нясвоечасовую адпраўку падмацавання ў Ліман.

нг