Адбудова Украіны будзе каштаваць некалькі сотняў мільярдаў долараў, а Польшча павінна адыгрываць у гэтым працэсе галоўную ролю. Палякі не павінны дазволіць выцесніць сябе з працэсу прыняцця рашэнняў. Яны павінны інвеставаць грошы ва Украіне і, перш за ўсё, прадаць суседзям свой багаты вопыт па развіцці, канстатуе штодзёнка «Puls Biznesu».
Вайна ва Украіне працягваецца, і ніхто не ведае, колькі месяцаў ці гадоў яна можа яшчэ доўжыцца. Аднак вельмі верагодна, што ўкраінцам канчаткова ўдасца абараніць сваю незалежнасць і суверэнітэт, што – як заяўляюць ЗША і іншыя краіны НАТА – з’яўляецца галоўнай мэта іхнай падтрымкі для Украіны.
Прыйдзе час, калі Украіне трэба будзе зрабіць новае эканамічнае адкрыццё – аднавіць краіну, але і пачаць працэсы пераўтварэнняў, якія не змаглі пачацца пасля распаду Савецкага Саюза. Польшча можа адыграць вельмі важную ролю ў гэтым новым адкрыцці, пераконвае газета.
Выданне падлічвае, што калі выдаткі на рэканструкцыю ў кароткатэрміновай перспектыве складуць каля 100 мільярдаў долараў – гэта значыць столькі, колькі страты ў інфраструктуры, палову гэтай сумы пакрыць беззваротныя гранты, то Польшча павінна прапанаваць інвестыцыі на агульную суму каля 2,5 мільярда долараў.
Газета пераконвае, што гэта рэальная сума, хоць, вядома, ва ўмовах жорсткай бюджэтнай эканоміі і інфляцыі яна немалая. Польшча таксама павінна прапанаваць уключыць Украіну ў інвестыцыйныя праекты, рэалізаваныя ў рамках Ініцыятывы «Рэгіён трох мораў», якія будуць фінансавацца на рынкавай аснове банкамі развіцця дзяржаў-членаў.
У сувязі з тым, што Украіне спатрэбяцца прыватныя інвестыцыі ва ўсе ключавыя сектары эканомікі, то польскія кампаніі таксама могуць узяць удзел у згаданым працэсе, паведамляе «Puls Biznesu».
az