- Супраць Беларусі могуць быць уведзены дадатковыя санкцыі, калі краіна будзе ўсё больш і больш уцягвацца ў канфлікт ва Украіне, – заявіла міністр замежных спраў Францыі Катрын Калона ў аўторак (11 кастрычніка) у інтэрв'ю радыё France Inter. Між тым у панядзелак Аляксандр Лукашэнка абвясціў аб дзейнасці рэгіянальнай групоўкі расійскіх і беларускіх войскаў на тэрыторыі сваёй краіны.
Цяперашняя сітуацыя ва Украіне з’яўляецца тэмай спецыяльнай сустрэчы краін G7. Таксама падчас сустрэчы будзе гучаць тэма Беларусі. – Любая дадатковая падтрымка (з боку Мінска – заўв. рэд.) вайны Расіі ва Украіне прывядзе да дадатковых санкцый, – заявіла ў аўторак міністр замежных спраў Францыі Катрын Калона, якую цытуе PAP.
Прэмʼер-міністр Літвы Інгрыда Шыманітэ распавяла для штодзёнкі Le Figaro пра планы Беларусі наконт вайны ва Украіне. У апублікаваным у аўторак інтэрвʼю яна заявіла, што краіна, якой кіруе Лукашэнка, стала дэ-факта расійскай ваеннай базай.
«Я лічу, што беларускі рэжым саўдзельнік вайны, якая вядзецца з 24 лютага супраць Украіны. Тое, што беларускае войска да гэтага часу актыўна ў ёй не ваявала, мала што мяняе. (...) Першыя ўдары па Кіеве адбыліся з тэрыторыі Лукашэнкі», – адзначыла прэмʼер-міністр Літвы.
Інгрыда Шыманітэ адзначыла, што беларускі рэжым дапамагае расійскай арміі матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем і, верагодна, будзе пастаўляць ёй зброю са сваіх запасаў. «Калі ён пакуль устрымліваецца ад удзелу ў баявых дзеяннях, то таму, што гэтая вайна не карыстаецца папулярнасцю ў Беларусі. Але Лукашэнка таксама ўсё больш паддаецца ціску з боку Уладзіміра Пуціна», – папярэдзіла літоўская прэмʼерка.
ав/PAP