Міністр па пытаннях сям'і і сацыяльнай палітыкі Польшчы Марлена Малёнг заявіла, што Варшава гатовая прыняць яшчэ больш бежанцаў з Украіны, паведамляе Gazeta Wyborcza. На яе думку, «апошнія падзеі» (відавочна, гаворка ідзе пра ракетныя ўдары) выклічуць новую хвалю адʼезду з Украіны.
Паводле звестак польскіх памежнікаў, з пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны ў Польшчу ўехала 6 млн 927 тыс.украінцаў. У сваю чаргу праз Польшчу ва Украіну ўехала 5 млн 130 тыс. украінцаў. Акрамя таго, паводле звестак Упраўлення па справах іншаземцаў, са студзеня па жнівень гэтага года дазвол на часовае пражыванне ў Польшчы атрымалі 197 тыс. 862 іншаземцы. З іх 72,8% – украінцы.
«Мы гатовыя, нашы межы адкрыты. Матэрыяльна мы таксама гатовыя прыняць бежанцаў. Калі будзе неабходнасць, то грамадзяне Украіны, як і ў лютым, знойдуць падтрымку, дах над галавой і працу«, – сказала міністр Малёнг.
Яна таксама дадала, што павелічэнне колькасці бежанцаў будзе азначаць рост выдаткаў на іх утрыманне. Аднак, паводле яе слоў, гэта трэба разглядаць у кантэксце рашэнняў, якія прымаюцца.
«Сёння вайна, якая ідзе ва Украіне, – гэта адкрытая вайна. Гэта не толькі вайна за свабоду Украіны, але і за пазіцыю свету, Еўропы і Польшчы, якая зʼяўляецца памежнай дзяржавай», – сказала Малёнг.
Намеснік міністра адукацыі Польшчы Томаш Рымкоўскі паведаміў, што польскія школы наведвае каля 200 тыс. вучняў з Украіны. Зараз большасць украінскіх школьнікаў вучацца з польскімі аднагодкамі, а не ў спецыяльных класах. У цяперашні час толькі менш за 8% вучняў з Украіны, якія навучаюцца ў базавых школах Польшчы, наведваюць падрыхтоўчыя аддзяленні. У сярэдніх школах гэты паказчык яшчэ даволі высокі і складае каля 50%. Для параўнання, яшчэ вясной гэты паказчык складаў больш за 75%, паведамляе Gazeta Wyborcza.
вс