Беларуская Служба

Стральба на палігоне ў Расіі яшчэ больш пагоршыць адносіны Масквы з краінамі Азіі

19.10.2022 14:48
На думку каментатараў, трагедыя на палігоне, якую расіяне стараюцца замяць, яшчэ адгукнецца негатыўна для Масквы.
:
Фота:Мінабароны РФ/Telegram

Выданне Gazeta Wyborcza вяртаецца да трагедыі, якая здарылася на ваенным палігоне пад Белгарадам, дзе таджыкі расстралялі расійскіх салдат. Загінула 11 чалавек, паранена было каля 30 асоб (паводле іншых звестак, паранена 15 чалавек - рэд.), змабілізаваных на вайну ва Украіне. Як удалося даведацца блогерам з Бранска, адкуль паходзяць ахвяры, страляла трое таджыкаў, а прычынай сталі выказванні камандзіра, які ўступіў у канфлікт з ураджэнцамі Дагестану, якія казалі, што іх узялі ў армію незаконна. Камандзір назваў іх баязліўцамі і абражаў Алаха. Тады таджыкі папрасілі мусульманаў адысці, і расстралялі расіян.

Удалося высветліць асобу аднаго са стралкоў. Гэта таджык Эхсон Амінзода, які працаваў у маскоўскім рэстаране, у яго не было расійскага грамадзянства і жадання ехаць на вайну. Невядома, як ён быў мабілізаваны ў чужую армію. Магчыма, ён трапіў падчас татальнага хапуну, скажам, каля адной са станцый маскоўскага метро, дзе вылоўліваюць маладых мужчын і ўручаюць ім павесткі. У армію забіраюць усіх, хто трапіць у рукі ваенкомаў. Акрамя таго, такіх гастарбайтараў, як Эхсон, прымушаюць ісці на вайну кантрактнікамі біццём і запужваннем. Масква брутальна парушае правы «братняга народу», паколькі на тэрыторыі РФ знаходзіцца каля 2 млн гастарбайтараў з Таджыкістану – пераважна маладыя, здаровыя мужчыны, якія прыдадуцца на вайне.

На думку каментатараў, трагедыя на палігоне, якую расіяне стараюцца замяць, яшчэ адгукнецца негатыўна для Масквы і пагоршыць адносіны з дзяржавамі Цэнтральнай Азіі, якія і так значна пагоршыліся апошнім чынам. Пра гэта сведчыць, між іншым, галасаванне на форуме ААН, дзе ніводная з былых азіяцкіх калоніяў Расіі не падтрымала анексіі ўкраінскіх абласцей. Калі Масква ставіцца да таджыкаў як да гарматнага мяса, яна яшчэ больш адштурхоўвае ад сябе азіяцкія народы, якія шукаюць іншых абаронцаў, як Кітай або Турцыя.

нг