Выданне Sieci задаецца пытаннем, ці на мяжы з Беларуссю можа паўтарыцца сітуацыя, якая назіралася пад канец мінулага года, калі праз мяжу імкнуліся прарвацца сотні нелегальных мігрантаў. Выглядае на тое, што Пуцін і Лукашэнка пачалі чарговую аперацыю па перакідванню ў Польшчу нелегалаў. Найбольш непакояць звесткі, якія атрымліваюць службы, што расіяне і беларусы выдаюць грамадзянам дзяржаваў Блізкага Усходу ўсё больш візаў, у тым ліку студэнцкіх. Вяртаюцца таксама, раней прыпыненыя, авіярэйсы з экзатычных краін у Маскву і Мінск.
Маштаб мігранцкага крызісу хутчэй за ўсё не будзе такім шырокім, як год таму, паколькі ў Польшчы на мяжы з Беларуссю збудавалі агароджу. Але перад зімой і перад тым, як будуць устаноўленыя перыметрычныя прылады, беларускі рэжым пастараецца выпіхнуць праз мяжу як мага больш людзей. Па словах галоўнага каменданта Памежнай аховы генерала Томаша Прагі, выразна бачна, на колькі важны ў мігранцкім крызісе маскоўскі напрамак. Тыя людзі, якім удаецца прарвацца праз мяжу, маюць расійскія пячаткі ў дакументах.
На дадзены момант на мяжы па беларускім баку можа знаходзіцца 1-1,5 тыс людзей. Яны прыязджаюць, між іншым, з Іраку, дзе сітуацыя надалей нестабільная. Сярод іх ёсць асобы, якія вяртаюцца на мяжу праз год, паколькі яны ўжо спрабавалі яе прайсці год таму, але не ўдалося, яны паехалі дадому, а пазней зноў вярнуліся ў Беларусь.
нг