Беларуская Служба

Польская САУ «Краб» на ўкраінскай перадавой – сучасная артылерыя на полі бою (ФОТА + ВІДЭА)

24.11.2022 05:11
Украінцы пазітыўна выказваюцца пра самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Краб» польскай вытворчасці.
Аўдыё
  • Польская САУ «Краб» на ўкраінскай перадавой – сучасная артылерыя на полі бою
Polskie armatohaubice Krab
Polskie armatohaubice Krab MON/RP

Ва ўкраінскіх СМІ ўсё часцей з’яўляюцца рэдакцыйныя матэрыялы, у якіх вайскоўцы і эксперты пазітыўна выказваюцца пра самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Краб» польскай вытворчасці. Дальнабойная артылерыя, якую палякі перадалі ўкраінцам, эфектыўна дапамагае ўкраінскім абаронцам змагацца з захопнікамі.


САУ Краб САУ Краб

Працу над стварэннем 155-міліметровай САУ «Краб» польскія ваенныя інжынеры пачалі ў канцы 1990-х гадоў. Першапачаткова планавалася, што канструкцыя будзе поўнасцю польскай. І так на пачатку было, аднак пазней было прынятае рашэнне купіць вежу і гармату ў брытанскага канцэрну GEC Marconi (цяпер BAE Systems), а хадавую частку – у карэйскага канцэрну Samsung. У сваю чаргу сістэму кіравання агнём пастаўляе вядомая польская фірма WB Electronics, буйнакаліберны кулямёт і электроніка – таксама польскай вытворчасці.

САУ выпускаецца на ваенным заводзе Huta Stalowa Wola.

Самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Краб» на сённяшні дзень – гэта найбольш магутныя па сіле агню гарматы ў Войску Польскім. Адна ўстаноўка важыць 48 тон, тэмп стральбы – тры стрэлы за 10 секунд, інтэнсіўны агонь – шэсць стрэлаў за хвіліну, дальнасць стральбы – каля 40 км. Перамяшчацца САУ з поўным боекамплектам з хуткасцю 60 км/г. Дальнасць ходу складае 400 км. Пераход САУ з паходнага ў баявое становішча, г.зн. да выканання першага стрэлу, ажыццяўляецца за 30 секунд. Экіпаж машыны складае 5 чалавек. Цана адной САУ «Краб» складае каля 11 млн еўра.

Прататып «Краба» быў выраблены ў 2001 годзе, у сваю чаргу вытворчасць пачалася ў 2008 годзе. Агулам Войска Польскае заказала 122 артустаноўкі, на дадзены момант пастаўлена 80 САУ. 18 САУ Польшча перадала Украіне. Такім чынам, на службе ў Войску Польскім знаходзяцца 62 артустаноўкі.

У канцы мая 2022 года СМІ паведамілі пра тое, што Польшча перадасць Украіне 18 самаходных артылерыйскіх установак «Краб» (тры батарэі), якія знаходзяцца на ўзбраенні Войска Польскага. Паводле паведамленняў, афіцыйная Варшава перадала «Крабы» бясплатна ў рамках мілітарнай дапамогі. Артустаноўкі трапілі ва Украіну ў чэрвені, у канцы месяца пачалі несці службу ў шэрагах Узброеных сіл Украіны. Акрамя таго, Польшча падрыхтавала 100 украінскіх артылерыстаў.


Armatohaubica 155mm KRAB Armatohaubica 155mm KRAB

Таксама ў чэрвені стала вядома, што Украіна дадаткова заказала ў Польшчы 54 САУ «Краб» на суму ў 2 млрд 700 млн злотых (каля 575 млн еўра). Фінансавыя сродкі на закупку ў большасці паходзяць з Еўрасаюза. «Крабы» змагаюцца з расійскімі захопнікамі на Луганскім накірунку.

Украінскія артылерысты пры стральбе з «Крабаў» выкарыстоўваюць таксама амерыканскія высокадакладныя кіраваныя актыўна-рэактыўныя 155-міліметровыя снарады «Эскалібур». Дзякуючы гэтаму дальнасць стральбы павялічваецца са стандартнай у 40 км да больш чым 50 км.

Дарэчы, украінцы пры кожнай нагодзе пазітыўна выказваюцца пра польскія «Крабы», зазначаючы, што без іх змагацца з расіянамі было б цяжэй. Артылерысты, якія служаць на «Крабах», у якасці пазітыўнага боку падкрэсліваюць іх хуткасць, хуткастрэльнасць, эфектыўнасць, магчымасць дзеяння ў кожных умовах, а таксама тэхнічную надзейнасць. Вытворца вызначыў рэсурс ствала гарматы на 1 тыс. 500 стрэлаў, але пры гэтым украінцы сцвярджаюць, што з некаторых ствалоў яны здзейснілі 3 тыс. 500 стрэлаў і што гармата надалей вядзе агонь па ворагу без хібаў.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл