Беларуская Служба

Павал Усаў: Мачулішчы - вялікая праблема для беларускіх уладаў

01.03.2023 15:59
Каментуючы інцыдэнт у Мачулішчах палітолаг адзначае, што ў першую чаргу неабходна дачакацца фактычнага пацверджання, што самалёт быў знішчаны.
Аўдыё
  • Павал Усаў: Мачулішчы - вялікая праблема для беларускіх уладаў
Павал Усаў.

Лукашэнка прапанаваў прэзідэнту Кітая ствараць сумесныя прадпрыемствы. «Нашы вытворцы зацікаўленыя ў вывучэнні кампетэнцый і тэхналогій кітайскіх кампаній у выпуску рухавікоў, трансмісій, мастоў, іншых вузлоў і агрэгатаў. Прапаную стварыць сумесныя прадпрыемствы ў галіне станкабудавання, электратранспарту, вытворчасці дэталяў для сельскагаспадарчай тэхнікі як у Беларусі, так і ў Кітаі. Кааперацыя дапаможа павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі», – сказаў Лукашэнка.

Прапановы па стварэнні сумесных прадпрыемстваў сведчаць аб тым, што будзе працягвацца кітайская экспансія, якая пачалася пасля 2015 году, калі быў створаны Вялікі камень, гаворыць палітолаг Павал Усаў:

- Да 2020 году інтарэс Кітаю ў Беларусі быў відавочным, як, па сутнасці, амаль ва ўсіх краінах свету. Да 20-га году, акрамя экспарту кітайскіх тавараў праз Аксамітны шлях, Кітай зрабіў з Беларусі сферу для шэрых схем, як нелегальны экспарт. Мне расказвалі, што ў Беларусі былі створаны некалькі кітайскіх прадпрыемстваў па майнінгу крыптавалютаў, а ў працэс была замешаная кітайская мафія. Кітай эфектыўна выкарыстоўваў Беларусь для свайго бізнесу, галоўным чынам як транзітная зона, але пасля 2020 году і пачатку вайны ва Украіне, гэтая сфера вельмі звузілася. Цяпер для Кітая вялікая дылема: што рабіць з Беларуссю. Бо самаізаляцыя і канфрантацыя з Захадам, закрыццё межаў значна ўплываюць на кітайскі транзіт. Таму адной з мэтай сустрэчы будзе націск на Лукашэнку, каб ён злагодзіў адносіны з Захадам, напрыклад, з Польшчай, каб адчыніць межы.

Каментуючы інцыдэнт у Мачулішчах палітолаг адзначае, што ў першую чаргу неабходна дачакацца фактычнага пацверджання, што самалёт быў знішчаны.

- Цяпер цяжка сказаць, на колькі можна давяраць спадарожнікавым здымкам, якія з’яўляюцца. Бачна пляму, але вынік чаго яна – выбуху ці забруджання, напрыклад, фарбай – сцвярджаць цяжка. Калі самалёт сапраўды моцна пашкоджаны, то ў размовах з многімі спецыялістамі я чуў адну думку: у беларусаў няма рэсурсаў, каб рэалізаваць аперацыю такога ўзроўню. Перш за ўсё, няма такіх выбуховых прыладаў. Нават, калі такія здымкі з’явяцца, то, на маю думку, гэта магла быць аперацыя выключна ўкраінцаў, а ByPol мог быць інфармацыйнай акцыяй прыкрыцця. Скажам шчыра, на сённяшні момант ні інструментаў, ні досведу ў Беларусі няма.

Калі прыняць, што інцыдэнт адбыўся, але не такі сур’ёзны, што на самалёт, напрыклад, дрон скінуў нейкі выбуховы пакет, то гэта магла быць псіхалагічная, нават эфектыўная акцыя ByPol. Аднак, яна ніяк не цягне на акцыю, пра якую казаў Азараў.

Улады будуць рэагаваць на любога кшталту інцыдэнты. Гэта велізарная праблема. Нават, калі б дрон скінуў бутэльку з фарбай, то гэта быў бы сур’ёзны інцыдэнт, псіхалагічны ўдар па Лукашэнку. Ён бы паказаў, што ў Беларусі дзейнічаюць структуры, якія ўсцяж ствараюць пагрозу, – гаворыць палітолаг.

Поўная размова з Паўлам Усавым - у далучаным гукавым файле.

ав


Больш на гэтую тэму: Палітычнае люстэрка

Павал Усаў: Інкарпарацыя Беларусі закончыцца раней, чым у 2030 годзе

22.02.2023 14:42
На днях у рукі незалежных журналістаў трапіў дакумент, у якім распісаны план інкарпарацыі Беларусі да 2030 году. Некаторыя пункты ўжо выкананыя.